Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Славаччыне лідэр партыі атрымаў 4 гады турмы за нацысцкую сымболіку


Марыян Котлеба (зьлева) у коле сваіх пасьлядоўнікаў

Лідэр ультраправай парлямэнцкай партыі «Наша Славаччына», абвінавачаны ў незаконным выкарыстаньні нэанацысцкай сымболікі, асуджаны 12 кастрычніка на чатыры гады турэмнага зьняволеньня.​

Марыян Котлеба паўстаў перад судом за тое, што ў 2017 годзе падарыў тром бедным сем’ям банкаўскія чэкі на суму 1488 эўраў. Лічба 1488 мае сымбалічны сэнс для нэанацыстаў і расістаў з руху «Перавага белых».

Прысуд не канчатковы. Котлеба не прызнаў сваёй віны і можа абскардзіць у Вярхоўным судзе свой прысуд, вынесены яму Спэцыяльным крымінальным судом у горадзе Пэзінак на паўднёвым захадзе Славаччыны.

Ультраправая Народная партыя «Наша Славаччына», чальцы якой ужываюць нацысцкае вітаньне і дамагаюцца выхаду Славаччыны з Эўрапейскага Зьвязу і NATO, на апошніх парлямэнцкіх выбарах заваявала чацьвёртае месца, атрымаўшы 8% галасоў выбарнікаў. Дэпутаты ад гэтай партыі маюць 17 месцаў у 150-мясцовым парлямэнце Славаччыны і два месцы ў Эўрапейскім парлямэнце. Котлеба і яго аднапартыйцы адкрыта падтрымліваюць ідэалягічную спадчыну марыянэткавай Славацкай рэспублікі пэрыяду Другой усясьветнай вайны.

Інцыдэнт, за які асуджаны Котлеба, адбыўся ў 2017 годзе, 14 сакавіка — у чарговую гадавіну ўтварэньня Славацкай рэспублікі (1939–1945). Летась Вярхоўны суд адмовіўся выконваць просьбу генэральнага пракурора аб забароне партыі Котлебы. У сваёй просьбе пракурор Ярамір Тызнар паказаў, што Народная партыя «Наша Славаччына» — гэта экстрэмісцкая групоўка, якая падрывае Канстытуцыю і мерыцца разбурыць дэмакратычную сыстэму. Вярхоўны суд адхіліў просьбу генэральнага пракурора, які ня змог забясьпечыць сваю просьбу дастатковай колькасьцю доказаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG