Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры выйшлі на акцыі пратэсту. Сілавікі ўжылі супраць іх пэтарды і газ. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Пасьля жорсткага разгону нядзельнай акцыі пратэсту ў Менску 12 кастрычніка пэнсіянэры ў розных гарадах Беларусі сабраліся на акцыю пратэсту. Вядома пра акцыі ў Менску, Берасьці, Гомлі, Горадні, Магілёве, Лідзе.

Менск

У Менску гэта ўжо другі «Марш пэнсіянэраў», першы прайшоў 5 кастрычніка. Сёньня пэнсіянэры а 15-й гадзіне зноў сабраліся на плошчы Незалежнасьці каля Чырвонага касьцёла, а пасьля рушылі па праспэкце.

Скандуючы «Гэта наш горад», «Сыходзь!», «Верым, можам, пераможам», «Лукашэнку ў аўтазак!», «Сам ты пацук!», «Спартоўцы малайцы!» і іншыя лёзунгі, яны рушылі па галоўным праспэкце сталіцы. Кіроўцы віталі іх сыгналамі.

Тым часам на праспэкце Дзяржынскага ў Менску міліцыянты затрымалі дзядулю з кійком. Ці зьбіраўся ён на марш пэнсіянэраў — невядома.

У абодва бакі перакрылі праспэкт Незалежнасьці ў раёне плошчы Перамогі, на прылеглых вуліцах утварыліся вялізныя коркі.

Менскі марш дайшоў да плошчы Якуба Коласа — канцавога пункту сёньняшняга маршу. Ля помніка Коласу ўдзельнікі маршу пакінулі кветкі і плякаты.

Станцыю мэтро «Плошча Якуба Коласа» закрылі. Праспэкт перакрылі, людзі ня ведаюць, як дабрацца дадому. Удзельнікі акцыі рушылі далей па праспэкце.

Па ходу руху калёны перакрываюць праспэкт Незалежнасьці (спачатку закрылі мэтро «Плошча Якуба Коласа», цяпер яе адкрылі і закрылі «Акадэмію навук»). Людзі на вуліцах і ў дамах вітаюць пэнсіянэраў.

У раёне БНТУ да ўдзельнікаў маршу пад'ехалі сілавікі на аўтобусах. Невядомыя ў балаклавах пачалі затрымліваць людзей у белых халатах, якія стаялі на другім баку праспэкту, каля гарадзкой клінічнай бальніцы № 1, і віталі ўдзельнікаў маршу пэнсіянэраў. Пэнсіянэры кінуліся адбіваць затрыманых, перакрыўшы праезную частку праспэкту. Пасьля гэтага сілавікі прымянілі спэцсродкі. Раздаліся стрэлы, выбухі пэтардаў, сталі распыляць у твар пэнсіянэрам пярцовы газ.

Горадня

У Горадні каля 60 гарадзенак і гарадзенцаў пажылога ўзросту сабраліся з кветкамі ў цэнтры Горадні. Бабулі сядзяць і размаўляюць. Міліцыянты папярэдзілі іх, што мерапрыемства недазволенае. Да іх пад'ехаў міліцэйскі аўтобус бяз знакаў. «Нам гуляць можна ці адразу на могілкі ісьці?» — пытаюцца пэнсіянэркі.

На акцыі затрымалі «для праверкі дакумэнтаў» журналістаў Марысю Харэвіч і Сяргея Людкевіча. Іх павезьлі ў Ленінскі РАУС, паведамляе БАЖ.

Гомель

У Гомлі пэнсіянэры прайшлі маршам па вуліцы Савецкай. На ўнівэрмагу «Гомель» сабралася каля 30 чалавек пэнсійнага веку. Міліцыянты іх папярэджвалі, што «зьбірацца нельга». Яны паспрачаліся зь міліцыянтамі і пайшлі маршам па Савецкай у бок плошчы Леніна.

Міліцыянты затрымалі журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Паўла Міцкевіча
Міліцыянты затрымалі журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Паўла Міцкевіча

У Цэнтральны РАУС Гомля прывезьлі шэсьць пэнсіянэрак, якія ўдзельнічалі ў Маршы. Пяць зь іх былі разам у адной кампаніі — чацьвёра жанчын і адзін мужчына. Вонкава ўсе пэнсійнага ўзросту.

Асобна даставілі яшчэ адну жанчыну. Яна сказала, што выходзіла з крамы, калі яе забралі, але абвінавачваюць яе ва ўдзеле ў шэсьці. На выгляд яна не пэнсійнага ўзросту.

З затрыманымі праводзілі гутаркі ўчастковыя інспэктары. На пачатак сёмай гадзіны ўсе заставаліся ў РАУС, пратаколаў яшчэ не паскладалі.

Сёньня ж у Гомлі затрымалі журналістаў «Народнай Волі» і «Камсамольскай праўды ў Беларусі». Пазьней іх адпусьцілі.

Магілёў

У Магілёве пэнсіянэры выйшлі на прагулку. Шпацыруюць на пешаходнай вуліцы Ленінскай тры дзясяткі чалавек, пераважна жанчыны. За імі назіраюць сілавікі ў цывільным. Паводле ўдзельнікаў акцыі, затрымалі маладога чалавека, які выйшаў раздаць жанчынам на прагулцы кветкі. Саміх удзельнікаў пакуль не чапаюць.

Берасьце

У Берасьці пэнсіянэры таксама ідуць маршам па горадзе.

Ліда

Таксама пэнсіянэры сабраліся на акцыю ў Лідзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG