Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карабах: бакі вінавацяць адзін аднаго ў парушэньні замірэньня


Стэпанакерт, 11 кастрычніка 2020

Абодва бакі канфлікту ў Нагорным Карабаху 11 кастрычніка абвінавацілі адзін аднаго ў парушэньнях замірэньня, пра якое​ дамовіліся ў ноч на 10 кастрычніка на перамовах у Маскве кіраўнікі МЗС Азэрбайджану і Армэніі.

Азэрбайджан абвінаваціў Армэнію ў ракетным удары па жылым раёне гораду Гянджа. Паводле азэрбайджанскіх уладаў, загінулі 9 мірных жыхароў, больш за 30 параненыя. Карэспандэнты замежных СМІ пацьвярджаюць факт разбурэньняў у горадзе і наяўнасьць ахвяраў, але ня могуць пацьвердзіць іх лік.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў заявіў, што ўдар нанесены з тэрыторыі Армэніі, ацаніў яго як ваеннае злачынства, а таксама кваліфікаваў тое, што здарылася, як «непавагу да перамоваў, праведзеных пры пасярэдніцтве Расеі». МЗС і Міністэрства абароны Армэніі назвалі заявы азэрбайджанскага боку «абсалютнай хлусьнёй» і ў сваю чаргу абвінавацілі Азэрбайджан у абстрэлах Стэпанакерту і іншых паселішчаў падкантрольнай армянскім сілам самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі. Сьцьвярджаецца, што там загінулі ня менш за 5 мірных жыхароў.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Жузэп Бурэль заклікаў абодва бакі трымацца пагадненьня аб замірэньні.

Падпісанае ў Маскве міністрамі замежных справаў абедзьвюх краін пагадненьне фармальна пачало дзейнічаць 10 кастрычніка. Яго мэтамі названы абмен палоннымі і целамі забітых, аднак яго тэрмін ня вызначаны. Акрамя таго, бакі ў Маскве пагадзіліся аднавіць «субстантыўныя» перамовы аб урэгуляваньні канфлікту пад эгідай Менскай групы АБСЭ, аднак калі такія перамовы могуць адбыцца — незразумела.

Канфлікт у Нагорным Карабаху працягваецца з 1988 году, калі органы ўлады Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці, населенай пераважна армянамі, запатрабавалі перадаць яе з складу Азэрбайджанскай ССР у Армянскую ССР. Поўнамаштабны ўзброены канфлікт пачаўся пасьля распаду СССР. У выніку баявых дзеяньняў 1991–1994 году Азэрбайджан пазбавіўся кантролю над большай часткай Нагорнага Карабаху і некалькімі суседнімі раёнамі. Незалежнасьць самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі, аднак, не прызнала ніводная дзяржава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG