Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні «Марш гонару» заблякавалі на галоўнай вуліцы, ёсьць затрыманыя


Некалькі сотняў чалавек прыйшлі на Савецкую плошчу ў Горадні 11 кастрычніка. Пратэстоўцы прайшлі маршам Савецкай вуліцай, больш за 10 чалавек затрымалі.

Удзень у нядзелю на Савецкай плошчы ішоў кірмаш. Сотні гарадзенцаў набывалі гародніну, размаўлялі паміж сабой. Ішоў дождж. Некаторыя стаялі пад чырвона-белымі парасонамі. Дзяжурылі міліцыянты, прыехала прэс-служба міліцыі, стаялі аўтобусы без пазнак, у якія звычайна затрымліваюць пратэстоўцаў.

Супрацоўніцы партала s13 Надзеі Балоцінай міліцыянты сказалі зьняць камізэльку і адысьці, інакш папярэдзілі, што яе затрымаюць.

Каля 14:40 міліцыянты і АМАП у балаклавах і шаломах забралі ў РАУС для высьвятленьня асобы журналістаў газэты «Народная воля» Вольгу Камягіну, парталу Onliner Дар’ю Сьпевак, агенцыі БелаПАН Сяргея Людкевіча і Марыну Харэвіч. Каля 16:20 забралі журналістку газэты «Наша слова» Алену Кавальчук.

Тым часам гарадзенцы засьпявалі на плошчы «Тры чарапахі». Потым калёна з прыкладна 100-200 чалавек пайшла з Савецкай плошчы па Савецкай пешаходнай вуліцы. Унізе вуліцу перакрылі сілавікі. Людзі павярнулі і пайшлі зноў у кірунку Савецкай плошчы. Там вуліцу таксама перакрылі сілавікі. Больш за 10 чалавек затрымалі, у тым ліку дзьвюх жанчын. Адной зь іх зламалі чырвона-белы парасон. Пасьля затрыманьняў пратэстоўцы разышліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG