Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19: маштаб заражэньня ў сьвеце працягвае расьці


У многіх краінах сьвету колькасьць новых выпадкаў захворваньня COVID-19 працягвае павялічвацца.

  • У Злучаных Штатах колькасьць зарэгістраваных выпадкаў заражэньня каранавірусам наблізілася да васьмі мільёнаў. Ахвярамі эпідэміі сталі каля 220 тысяч амэрыканцаў. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, які перахварэў на каранавірусную інфэкцыю, больш не стварае небясьпекі для навакольных, заявіў Шон Конлі, доктар, які яго лячыў. Як сказана ў распаўсюджаным Белым домам мэмарандуме аб стане здароўя прэзыдэнта ЗША, пашыраныя дыягнастычныя тэсты паказваюць, што «больш няма прыкметаў актыўнага размнажэньня вірусу». Калі быў здадзены апошні адмоўны тэст Трампа на COVID-19, у мэмарандуме не паведамляецца.
  • У Францыі за апошнія суткі заразіліся амаль 27 тысяч чалавек. Колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу сярод грамадзянаў Францыі — 32 з паловай тысячы. Міністар аховы здароўя Францыі абвясьціў, што ў Ліёне — трэцім па велічыні горадзе Францыі — і яшчэ некалькіх гарадах закрываюцца бары, як гэта ўжо было зроблена ў Парыжы і Марсэлі.
  • Вялікая Брытанія перажывае «пераломны момант» пандэміі каранавірусу, падобны на той, што быў адзначаны ў сакавіку 2020 году. «Сэзонныя зьмены супраць нас», папярэдзіў адзін з галоўных адмыслоўцаў Міністэрства аховы здароўя прафэсар Джонатан Ван-Там. Ён параўнаў цяперашні этап пандэміі з «сустрэчным ветрам», які ўзмацняецца, і заявіў, што ў наступныя тыдні колькасьць ахвяраў будзе павялічвацца. Прафэсар заклікаў брытанцаў абмежаваць сацыяльныя кантакты. Чакаецца, што ў панядзелак брытанскі прэм’ер Борыс Джонсан абвесьціць новыя строгія карантынныя абмежаваньні.
  • У Расеі за апошнія суткі выявілі больш за 13 тысяч 600 новых выпадкаў заражэньня каранавірусам. Як паведамляе апэратыўны штаб, на тэрыторыі Расеі (і анэксаванага Крыму) трэці дзень запар фіксуюцца найбольш высокія паказчыкі захворваньня за ўвесь пэрыяд эпідэміі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG