Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія ўлады баяцца жанчын? Перад чарговым «жаночым маршам» затрымалі актывістак і журналістак


Затрыманьні на Жаночым маршы ў Менску 26 верасьня

Перад Глябальным жаночым маршам на знак падтрымкі і салідарнасьці зь Беларусьсю, анансаваным у многіх краінах сьвету, у Беларусі прэвэнтыўна затрымалі актывістак жаночага руху і журналістак. Чаму беларускія ўлады так баяцца жанчын і прэвэнтыўна іх затрымліваюць?

У Беларусі паўтара месяца кожную суботу жанчыны выходзілі на пратэставыя маршы. Пасьля сэрыі брутальных затрыманьняў і «пасадак» беларускія жанчыны зьмянілі тактыку: яны проста гуляюць па горадзе з кветкамі, у прыгожых бела-чырвоных строях, пад бела-чырвонымі парасонамі.

У пятніцу стала вядома, што затрымалі некалькіх актыўных жанчын:

  • Вольгу Шпарагу, філёзафа, сябра Каардынацыйнай рады. Яна на Акрэсьціна (гэта ўжо другое затрыманьне Вольгі цягам апошняга тыдня).
  • Юлію Міцкевіч, суарганізатарку Фэмгрупы Каардынацыйнай рады, дырэктарку Цэнтру разьвіцьця эфэктыўнай камунікацыі «Актыўным Быць Файна». Яе затрымалі каля офіса на вачах у мужа, які прыйшоў сустрэць Юлію з працы.
  • Яўгенію Доўгую, журналістку «Зялёнага парталу». Яе затрымалі на вачах у мужа і 8-гадовай дачкі. Спачатку даставілі ў Партызанскі РУУС, а потым у ізалятар на Акрэсьціна да суду, які адбудзецца не раней за панядзелак.
  • Ганну Якштас, рэдактарку «Сильных новостей» Гомля. Яе затрымалі другі раз за тыдзень (некалькі дзён таму Ганну аштрафавалі на 20 базавых велічыняў).
  • Ларысу Шчыракову, журналістку тэлеканалу «Белсат». Яе затрымлівалі ўжо дзясяткі разоў, нягледзячы на тое, што ў Ларысы непаўналетняе дзіця.

Усіх жанчын пільнавалі каля дому ці працы па некалькі супрацоўнікаў сілавых структур у мікрааўтобусах з танаваным шклом.

«Хоць дзеяньні ўладаў прыкрыя, незаконныя, гэта ня можа спыніць пратэсты»

Каардынатарка «Лятучага ўнівэрсытэту», кандыдатка сацыялягічных навук Тацяна Вадалаская кажа, што рэакцыя ўладаў даволі зразумелая — нэўтралізаваць лідэраў перад чарговым маршам.

Тацяна Вадалаская
Тацяна Вадалаская

«Улады адчуваюць, што цэнтру каардынацыі ў жанчын няма, затое ёсьць шырокае лідэрства. Адказных лідэраў, якія маюць уплыў на людзей, спрабуюць нэўтралізаваць. Імкнуцца хуценька прыбраць „галаву“ актыўных дзеяньняў. Аднак на сёньня сытуацыя такая, што калі аднаго саджаюць, адразу ж лідэрства пераймаюць іншыя. Хоць дзеяньні ўладаў прыкрыя, незаконныя, гэта ня можа спыніць пратэсты», — перакананая Тацяна Вадалаская.

Ці варта чакаць, што ў панядзелак жанчын выпусьцяць, у горшым выпадку аштрафаваўшы, бо ў многіх непаўналетнія дзеці, Тацяна Вадалаская ня ўпэўненая.

«Калі, да прыкладу, Вольгу Шпарагу мінулым разам даволі хутка выпусьцілі, тэарэтычна ня выключана, што затрыманых не пасадзяць на суткі. Аднак юрыстка „Зялёнага парталу“ Марына Дубіна днямі атрымала 15 сутак. Таму, мяркую, у панядзелак выйдуць ня ўсе. Відавочна, што цяпер „не да законаў“ — саджаюць на суткі і тых, у каго непаўналетнія дзеці», — кажа Тацяна Вадалаская.

«Я ўжо нават і ня ведаю, які слой грамадзтва не адрэагаваў на беззаконьне, якое адбываецца ў краіне»

Дырэктарка Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская кажа, што апошнія пратэсты ў Беларусі паказалі, што ініцыятыву на сябе ўзялі жанчыны, і ў іх гэта атрымліваецца.

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«За жанчынамі абараняць іх пайшлі мужчыны, потым і пэнсіянэры падцягнуліся. Я ўжо нават і ня ведаю, які слой грамадзтва не адрэагаваў на беззаконьне, якое адбываецца ў краіне.

У грамадзтве сфармавалася думка, што беларускія жанчыны і разумныя, і адукаваныя, і прыгожыя, і крэатыўныя. Парадак у доме заўсёды трымаецца на жанчыне. І ў краіне жанчыны здольныя навесьці парадак. Вось і нэрвуецца ўлада, прэвэнтыўна затрымліваючы актыўных жанчын. Але гэта не палохае народ і ня стрымлівае», — перакананая Раіса Міхайлоўская.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG