Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жаночы марш» у Менску ізноў завяршыўся затрыманьнямі. ФОТА, ВІДЭА


Затрыманьні невядомымі сілавікамі ў балаклавах на Жаночым маршы, Менск, 26 верасьня

Традыцыйны суботні «Жаночы марш» 26 верасьня працягваўся каля дзьвюх з паловай гадзінаў. Падчас маршу сілавікі затрымалі каля сотні ўдзельніц. Па стане на 18.30 праваабаронцам былі вядомыя прозьвішчы больш 70 затрыманых.

Суботні марш жыхаркі Менску назвалі «народнай інаўгурацыяй» Сьвятланы Ціханоўскай. Першапачаткова плянавалі сабрацца на плошчы Перамогі, але потым месца збору перанесьлі да Камароўскага рынка, дзе пачыналіся многія папярэднія акцыі.

Перад акцыяй на плошчы Перамогі перасталі спыняцца мэтро і наземны грамадзкі транспарт. У ваколіцах плошчаў Перамогі і Якуба Коласа былі заўважаныя АМАП і аўтазакі.

Хутка на пляцоўку перад Камароўскім рынкам пад’ехалі аўтобусы зь сілавікамі. Сілавікі без апазнавальных знакаў у аліўкавай форме выйшлі з аўтобусаў, пачаліся затрыманьні. Хапалі груба, адну жанчыну пацягнулі за рукі і ногі.

Затрыманьне Ніны Багінскай.
Затрыманьне Ніны Багінскай.

Акрамя таго, міліцыя затрымала пажылога мужчыну, які зрабіў невядомым сілавікам заўвагу, і 73-гадовую актывістку Ніну Багінскую. Пазьней яе выпусьцілі на вуліцы Казлова, забраўшы яе сьцяг.

На Камароўцы затрымалі таксама карэспандэнтку «Эўрарадыё» Юлію Матузаву. Перад затрыманьнем у яе праверылі акрэдытацыю — і затрымалі, нягледзячы на тое, што акрэдытацыя дзейная, а журналістка мела пасьведчаньне і камізэльку «Прэса». Пасьля 10 хвілінаў знаходжаньня ў міліцэйскай машыне журналістку Юлію Матузаву вызвалілі. Міліцыянт у форме і ў масцы дазволіў» ёй працаваць далей.

Таксама затрымалі журналістку «Белсату Марыю Грыц.

Каля 14.45 калёна з прыкладна трох сотняў чалавек рушыла ад сквэра каля Камароўскага рынку да праспэкту Незалежнасьці. Жанчыны пэрыядычна скандавалі «Жыве Беларусь!» і «Далучайся!».

Калі калёна ішла паўз гандлёвы цэнтар «Імпульс», ля яе спыніліся мікрааўтобусы сілавікоў. Сілавікі ў балаклавах заблякавалі жанчын, сталі хапаць і цягнуць у мікрааўтобусы. Затрымалі яшчэ дзясяткі жанчын. Сярод затрыманых былая кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Габрунова і ЛГБТ-актывістка Віка Біран. Сілавікі хапалі таксама выпадковых мінакоў.

Нягледзячы на затрыманьні, на праспэкт Незалежнасьці ў Менску ў раёне плошчы Якуба Коласа выйшлі некалькі соцень жанчын, да іх далучылася вялікая група, якая стаяла ля Інстытуту фізкультуры. Жанчыны сфармавалі калёну і пайшлі па ходніках праспэкту Незалежнасьці.

Каля кавярні «Лідо» на плошчы Якуба Коласа ўдзельніц дагналі сілавікі ў балаклавах, яны прыехалі ў 7 аўтобусах. Зноў пачаліся затрыманьні. Жанчын валаклі за рукі і ногі, не пускалі схавацца ў падземным пераходзе. Адна дзяўчына ўпала, страціла на нейкі час прытомнасьць, ёй дапамагалі мэдыкі.

Многія жанчыны разьбегліся. Тыя, што засталіся, рушылі ў кірунку плошчы Перамогі. У момант, калі калёна паспрабавала перайсьці праезную частку, каля крамы «Электрасіла», сілавікі на зноў паспрабавалі пачаць затрыманьні, але ўдзельніцы шэсьця разьбегліся. Пазьней яны зноў узьядналіся і рушылі да плошчы Перамогі дзьвюма калёнамі з абодвух бакоў праспэкта Незалежнасьці. Калёна колькасьцю каля 300 чалавек амаль дайшла да плошчы Перамогі, але калі жанчыны ўбачылі там АМАП, яны разьвярнуліся і пайшлі ў адваротны бок да плошчы Якуба Коласа.

У 15:50 праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што ў пераходзе на плошчы Якуба Коласа затрымалі вулічных музыкаў кавэр-гурту Best Sound Band, якія перад гэтым, калі міма праходзіла калёна пратэстоўцаў, яны ў пераходзе выконвалі песьню Віктара Цоя «Перемен».

Каля менскай гімназіі № 23 да калёны зноў пад’ехала больш за дзясятак аўтобусаў, зь іх выйшлі супрацоўнікі міліцыі ў касках і бронекамізэльках і У дварах сілавікі ў затрымалі яшчэ некалькі дзясяткаў жанчын.

На супрацьлеглым баку праспэкта каля паўтара дзясятка жанчын сталі ў ланцуг. Каля 16.30 да журналістаў, якія асьвятлялі акцыю, падышлі сілавікі і пачалі правяраць дакумэнты. Трох карэспандэнтаў затрымалі: Марыю Вайтовіч («Еўрарадыё»), Кацярыну Карпіцкую («Наша Ніва») і Аляксандру Эльбаум (Tut.by).

Пасьля 18 гадзін вызвалілі большасьць затрыманых сёньня журналістак, за кратамі заставаліся Марыя Грыц і Алена Доўнар.

Уздоўж праспэкта паміж плошчай Якуба Коласа і скрыжаваньнем з вуліцай Казлова працягнулася зачыстка. Затрымалі, у прыватнасьці, жанчыну, якая сядзела з кветкамі на зямлі і прасіла адпусьціць яе дачку. А палове на пятую несанкцыянаваная акцыя скончылася, сілавікі разьехаліся з затрыманымі ўдзельніцамі маршу.

У 17.05 адкрылі станцыю мэтро «Плошча Перамогі», якая не працавала на працягу чатырох гадзін.

У сьпісе затрыманых, які складаюць праваабаронцы, па стане на 18.30 было 70 прозьвішчаў. Тыдзень таму на аналягічнай акцыі жанчын, паводле зьвестак МУС, у Менску было затрымана 415 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG