Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэты прафсаюз для закручваньня гаек супраць рабочых». Чаму рабочыя з заводу Казлова запісалі відэазварот


Менскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова
Менскі электратэхнічны завод імя В. І. Казлова

Ад жніўня каля 30 працаўнікоў менскага электратэхнічнага заводу імя Казлова выйшлі з праўладнага прафсаюзу «Белпрафмаш» і ўступілі ў Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ), які ўваходзіць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

«Амаль штодзень прымаем і перадаем у офіс СПМ новыя заявы», — сказаў Свабодзе стропальнік электратэхнічнага заводу імя Казлова Міхаіл Марыніч, якога абралі немесьнікам старшыні заводзкай арганізацыі.

Міхаіл Марыніч разам з калегамі з створанай на заводзе арганізацыі свабоднага прафсаюзу ўдзельнічаў у запісе відэазвароту. У ім актывісты патлумачылі, чаму разьвіталіся з праўладнай прафсаюзнай арганізацыяй. Міхаіл Марыніч у інтэрвію Свабодзе дадаў уласныя думкі.

«Белпрафмаш» — гэта прафсаюз не для абароны правоў працоўных, а для кантролю за імі, для закручваньня гаек. Мне гэта было відавочна і раней, але пасьля выбараў больш трываць стала немагчыма. За нашу грамадзянскую пазыцыю на нас пачалі ціснуць, страйкам гэтак і не дазволілі стварыць, хаця права на страйк гарантавана Канстытуцыяй. Мы грамадзяне Беларусі, маем права выказваць свае погляды, але праўладны прафсаюз гэтае права ніяк не бароніць, таму і выйшлі зь яго», — кажа Міхаіл Марыніч.

Міхаіл Марыніч браў удзел у шэсьці рабочых па Менску, якое адбылося 17 жніўня. Тады больш як тысяча працаўнікоў МТЗ, заводу імя Казлова ды іншых прадпрыемстваў сталіцы дайшлі да офісу Белтэлерадыёкампаніі і выказалі свае патрабаваньні адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў і новых выбараў.

Празь некалькі дзён Міхаіла Марыніча выклікалі на размову ў адміністрацыю заводу, зь ім гутарыў адказны супрацоўнік раённага аддзелу міліцыі, яму пагражалі, і міліцыянт афіцыйна вынес рабочаму папярэджаньне аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.

Чаму зварот найперш пра выхад зь «Белпрафмашу»?

«Мы вырашылі дзейнічаць абачліва, дарэмна не падстаўляцца. Працоўная салідарнасьць яшчэ ня дзейнічае гэтак, як хацелася б прыхільнікам перамен. Лічыцца з намі адміністрацыя будзе, але дзеля гэтага ў незалежным прафсаюзе мусяць быць ня тры дзясяткі, а прынамсі тры сотні чалавек», — мяркуе Міхаіл Марыніч.

Сёньня на заводзе імя Казлова працуюць 3150 чалавек, зь іх каля 3 тысяч у прафсаюзе «Белпрафмаш», які ўваходзіць у праўладную Фэдэрацыю прафсаюзаў беларускую (ФПБ).

«Расчараваных у праўладным прафсаюзе шмат, зь яго выйшлі дзясяткі працаўнікоў заводу, але ў незалежны ўступаюць ня ўсе зь іх, яшчэ баяцца, што гэта ці пашкодзіць кар’еры, ці адаб’ецца на розных выплатах», — кажа Міхаіл Марыніч.

Чаму сяброў СПМ пазбавілі «гароднінных» грошай?

Паводле Міхаіла Марыніча, ён і ягоныя сябры з суполкі СПМ ужо страцілі па 100 рублёў гэтак званых «гароднінных» грошай — восеньскай даплаты ад прафсаюзу на куплю бульбы ды гародніны. Гэта несправядліва, палічылі сябры СПМ і вырашылі пайсьці ў суд.

«Пры заробку 800-900 рублёў страціць 100 — гэта ўсё ж істотна. Маглі б проста схаваць крыўду, але вырашылі змагацца і падалі заявы ў суд. Ужо некалькі нашых заяваў ляжаць у Партызанскім раённым судзе, чакаюць разгляду. Беларускі суд прадказальны? Ну так, але бывала, што прымалася рашэньне і на карысьць працоўных, таму спадзяемся, што нашыя правы ўсё ж улічаць», — кажа Міхаіл Марыніч.

Паводле яго, сябрам незалежнага прафсаюзу мэталістаў на заводзе Казлова таксама прыйдзецца змагацца за захаваньне іншых дадатковых выплатаў ад прафсаюзаў. Гэта грашовая дапамога напярэдадні Новага году, выплаты некалькіх базавых да адпачынкаў, ільготная аплата дзіцячых лягераў адпачынку.

«Але ўсе выплаты ад прафсаюзу бяруцца ня зь неба, а з агульнага прыбытку заводу, а значыць, там ёсьць і наш унёсак. Чаму адным плацяць, а іншым — не? Гэта дыскрымінацыя», — даказвае Міхаіл Марыніч. Ён дадае, што грошы ўсё ж не галоўнае. «Калі зможам паказаць, што сапраўды змагаемся за сваіх, дык людзей будзе шмат і з намі будуць лічыцца».

Адзін за ўсіх, усе за аднаго

Паводле старшыні нацыянальнага Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Аляксандра Бухвостава, да выбараў у арганізацыі былі каля 1 тысячы сябраў, цяпер стала болей на 150 чалавек.

«Далучыліся з заводу Казлова, з МТЗ, МЗКЦ ды іншых заводаў. Але ў нас няма эўфарыі, маўляў, цяпер, калі працоўныя расчараваліся ў афіцыйных прафсаюзах, усе „паваляць у незалежныя“. Працоўная салідарнасьць ствараецца гадамі, і нам яшчэ шмат дзеля яе працаваць. Чаму ўлада трымаецца за кантрактную сыстэму? Бо тая расьсяродзіла працоўных.

Цяпер на шэсьцях папулярны вокліч „Адзін за ўсіх — усе за аднаго“, дык гэтак трэба і на працоўных месцах выяўляць салідарнасьць ува ўсім», — перакананы Аляксандар Бухвостаў.

Прафсаюзны лідэр задаволены, што ў канцы 90-х гадоў удалося захаваць незалежныя прафсаюзы і цяпер ёсьць база для росту. «Трэба нарошчваць цягліцы, толькі тады мы зможам дамагацца сваіх патрабаваньняў. У тым ліку прыстойных заробкаў», — мяркуе Аляксандар Бухвостаў.

Са жніўня павялічыліся шэрагі і незалежнага прафсаюзу РЭП, які аб’ядноўвае працаўнікоў радыёэлектронных ды іншых прадпрыемстваў. Лідэр РЭП Генадзь Фядыніч таксама пра рост шэрагаў кажа асьцярожна.

«Так, нас стала болей, прыкладна на 100 чалавек, цяпер у РЭП недзе 2600 сяброў. Але бачым, што людзі яшчэ асьцярожнічаюць з уступленьнем, нават калі выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу. Лепш ідзе працэс там, дзе ўжо ёсьць суполкі незалежных прафсаюзаў», — адзначыў Генадзь Фядыніч.

Звольнены рабочы МТЗ: «Мне б дапамаглі лепш, каб раней уступіў у РЭП»

16 верасьня з МТЗ быў звольнены Вадзім Пайвін, які працаваў электратэхнікам у цэху кабін. Амаль 2 тыдні ён удзельнічаў у страйку. Паводле Вадзіма, адміністрацыя заводу чакала, калі ён зробіць памылку, і дачакалася.

«Нават калі я адмовіўся рамантаваць шлянгі фаерак і мне закідалі, што празь мяне спыніўся канвэер, то ня звольнілі. Але потым у мяне быў суд, тры дні на Акрэсьціна — і 15 верасьня я сапраўды ня выйшаў на працу, бо пасьля суду не выключаў, што зноў схопяць на прахадной. Гэтага было дастаткова. А наш закон такі, што ўсё аддадзена на волю адміністрацыі: могуць звольніць за адзін дзень прагулу, а могуць дараваць месяц. Праз страйк я стаў непажаданым працаўніком і мяне адразу пазбавіліся. Калі б на месяц раней уступіў бы ў РЭП, магло б быць інакш», — мяркуе Вадзім Пайвін.

Былы рабочы МТЗ прызнае, што незалежная прафсаюзная арганізацыя на заводзе яшчэ ня здольная праз працоўную салідарнасьць уплываць на такія сытуацыі, як ягоная. «Але без дапамогі мяне ня кінулі. РЭП дапамагаў юрыдычнымі парадамі, а цяпер я зьвярнуўся па дапамогу ў BYSOL. Мы актыўна кантактуем», — паведаміў Свабодзе Вадзім Пайвін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG