Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Украіны: прэзыдэнт абавязаны размаўляць на дзяржаўнай мове


Ілюстрацыйнае фота

Вярхоўны суд Украіны прызнаў, што прэзыдэнт краіны абавязаны размаўляць на дзяржаўнай мове падчас выкананьня службовых абавязкаў, паведаміла ў пятніцу прэсавая службу суду ў Facebook.

«Асоба падала пазоў, у якім прасіла прызнаць незаконнымі зносіны прэзыдэнта Ўкраіны 23 траўня 2019 году на форуме дзеячоў інтэрнэту iForum-2019 на недзяржаўнай мове і абавязаць яго ўстрымацца ад зносінаў на недзяржаўнай мове ўва ўсёй Украіне пры ажыцьцяўленьні паўнамоцтваў. Касацыйны адміністрацыйны суд Вярхоўнага суду цалкам адхіліў патрабаваньні аўтара пазову. Разгледзеўшы яго скаргу, Вялікая палата Вярхоўнага суду зьвярнула ўвагу на тое, што прэзыдэнт Украіны пры выкананьні службовых абавязкаў абавязаны карыстацца дзяржаўнай мовай», — гаворыцца ў заяве.

Вярхоўны суд адзначае, што прэзыдэнт нясе палітычную, а не юрыдычную адказнасьць за дзеяньні ў рамках палітычнай дзейнасьці, а не пры ажыцьцяўленьні паўнамоцтваў, прадугледжаных Канстытуцыяй.

«Улічваючы вышэйсказанае, Вялікая палата Вярхоўнага суду закрыла вытворчасьць, бо патрабаваньні аўтара пазову не падлягаюць адміністрацыйнаму працэсу», — гаворыцца ў заяве.

Летась львоўскі актывіст Сьвятаслаў Ліцінскі прайграў судовы працэс супраць упраўленьня справамі прэзыдэнта Ўкраіны ў справе аб патрабаваньні ўкраінскага перакладу выступу Уладзіміра Зяленскага на расейскай мове на iForum у траўні 2019 году.

«Маем пацьверджаньне, што прэзыдэнт парушыў Канстытуцыю. Але ён унікне адказнасьці, бо, на думку суду, гэта была палітычная дзейнасьць, а ня дзейнасьць, прадугледжаная Канстытуцыяй... Чакаем поўнага рашэньня, каб разабрацца больш падрабязна», — напісаў Ліцінскі ў Facebook 9 кастрычніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG