Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Слова вякнеш — забʼю». Як маладую сямʼю абвінавацілі ў «арганізацыі беспарадкаў» у Менску і Гомлі


Аляксандра і Арцём Моладавы

Жыхарка Гомля Саша Моладава працуе дырэктаркай юрыдычнай кампаніі. Яе муж Арцём займаецца вонкавай рэклямай. Яны падазраваныя ў крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі ў Менску і Гомлі.

Арцёма моцна пабіў АМАП. З Сашай яны пабылі ў розных ізалятарах і КДБ. Каб пераканацца, што «закон у гэтай краіне зьнішчаны», «ты трапіў у сыстэму, якая сама ў сабе, а ты кавалак мяса».

У траўні Моладавы далучыліся да ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Зьбіралі подпісы і верылі ў перамены. Калі штабы абʼядналіся — дапамагалі арганізацыйна па Гомлю.

9 жніўня

Саша і Арцём Моладавы паехалі ў Менск да сяброў. Заадно выйшлі ў горад паглядзець, што там адбываецца.

«Людзі ішлі па вуліцах з пачуцьцём еднасьці, салідарнасьці, адной мэты. Шмат нашых сяброў былі вечарам пад участкамі для галасаваньня, там пратаколы не вывешваліся. Людзей пачалі затрымліваць проста за тое, што стаялі пад участкамі і чакалі пратаколаў. Потым вядома што. Сьвятлашумавыя гранаты, страляніна, сьцяна АМАПу, — успамінае Арцём.

«Перад намі хлопчык бег, спыніўся, стаў перад АМАПам на калені, заклаў рукі за галаву, каб здацца, — і больш не падняўся, так яго білі. Жах быў. Пабылі колькі дзён у Менску і бачылі, што людзей проста забівалі... Вырашылі ехаць дахаты, у Гомель», — апавядае Саша.

12 жніўня

Моладавы прыехалі дахаты, дзе прабылі некалькі гадзін — і тут у дзьверы пагрукалі амапаўцы.

«Яны ўварваліся і адразу пачалі біць Арцёма. Крычалі на яго: „Ах ты, е...я тварь, тебя убить нужно!“ Мяне ў іншым пакоі паклалі тварам у падлогу. Я чула страшныя крыкі Арцёма і ўдары. Ён крычаў не сваім голасам. Хоць ён дастаткова моцны чалавек», — кажа Саша.

«Потым у ізалятары я ўбачыў, што ногі проста чорныя ўсе. Дручкамі білі, рукі выварочвалі; хто нагой, хто рукой — лупілі, лупілі. Мяне хацелі весьці босым, я прасіў хоць чаравікі абуць. Абражалі і білі ў твар», — кажа Арцём.

Саша спрабавала спытацца, што адбываецца. «Але зайшоў нейкі „лось“ і падняў мяне за шыю над падлогай. У мяне шок быў, што чалавека можна за шыю падняць. Ён сказаў: „Яшчэ толькі слова вякні, я цябе забʼю“ — і кінуў мяне на падлогу».

Катаваньні патлумачылі «прафэсійным выгараньнем»

«Яны рэальна лічаць, што мы здраднікі, нам плаціць Дзярждэп, а яны абаронцы Радзімы. Мы ворагі, нас трэба забіваць, мы не заслугоўваем чалавечых адносінаў. Адзін зь іх мне сказаў, што любіць сваю працу. Я ўдакладніла: «Ты людзей любіш біць?» А ён адказвае: «Я людзей ня бʼю». Мы для іх ня людзі. І ў такім ключы ўсе дыялёгі ў нас былі. Яны думаюць, што маюць права рабіць абсалютна ўсё. Яны на мяне глядзелі, як на кавалак... нечага. У іх няма адукацыі, і яны гэтым ганарацца. Кажуць: „А навошта яна нам?“», — расказвае Саша.

«Яны адчуваюць сябе беспакаранымі, багамі, якім ніхто нічога ня зробіць. Ім далі карт-блянш на любыя дзеяньні. Ніякі закон для іх ня дзейнічае. Яны рэальна адчуваюць задавальненьне ад таго, што зьбіваюць людзей. У іх па ўсёй краіне быў аднолькавы сцэнар у тыя дні: „Колькі табе заплацілі? Хто куратар? Мы цябе згвалцім дубінкай“. Такія пагрозы былі і ў мой бок», — кажа Арцём.

У пазьнейшых размовах на допыце ў Сьледчым камітэце Сашы адказалі на пытаньне пра гвалт і катаваньні, што «гэта ў іх прафэсійнае выгараньне».

Ноччу 12 жніўня, калі Арцёма пабілі і забралі, Саша даведалася, што супраць іх завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Сашы сказалі, што такія дзеяньні яны арганізавалі з мужам у Гомлі 9–11 жніўня.

«„Пачакайце! — сказала я тады. — Нас жа не было ў Гомлі!“ — „Як не было? А дзе вы былі?“, — зьдзівіліся яны і пачалі думаць, мо мы па тэлефоне гэтыя „дзеяньні“ арганізавалі», — кажа Саша.

«Білі, а на камэру прымусілі сказаць, што не чапалі»


13–19 верасьня сужэнцы правялі ў РАУС, КДБ, ізалятарах — гомельскім і менскім.

У Чыгуначны РАУС Гомля Арцёма прывезьлі ў шортах і футболцы, якую яшчэ і разадралі. У міліцыі яго працягвалі біць, кажуць Моладавы. Саша спрабавала перадаць рэчы, ежу і ваду, але нічога не прынялі. Нават адзеньне.

«У РАУС білі, а потым прымусілі гаварыць на камэру, што яны мяне не чапалі. „Папулярна“ патлумачылі мне, і з трэцяга разу я сказаў», — кажа Арцём.

Пазьней яго павезьлі ў гомельскае ўпраўленьне КДБ.

«У мяне пытаньні скончыліся. У іх прамыты мозг»

Да Сашы дахаты зноў прыйшлі.

«Стук у дзьверы... Каб сябры, то гэта быў бы дамафон. З таго часу я напружваюся моцна, калі стукаюць у дзьверы. І мне тут жа ідуць выклікі з тэлефона Арцёма. Я не здымала слухаўку. Рукі калоцяцца, сэрца выскоквае. Я разумею, што мне трэба быць на волі, каб даставаць яго. І тут яны прыставілі да дзьвярэй тэлефон з голасам Арцёма. Ну ўсё, я здалася», — кажа Саша.

Яе таксама завезьлі ў КДБ. На «гутарку», дзе прасілі прызнацца ва ўсім, хоць Саша не магла ўцяміць, у чым менавіта.

«Яны проста казалі: „Прызнавайся, прызнавайся ва ўсім“. Казалі, што муж ужо прызнаўся. Я не зрабіла нічога такога, за што б мне было нават сорамна, ня тое, каб парушыць закон. Я юрыст! Да гэтага я думала, што яны трымаюцца за заробкі і крэдыты, але ўсё разумеюць. Цяпер у мяне пытаньні скончыліся — у іх прамыты мозг. Яны вераць у Сталіна, Савецкі Саюз, яны хвалілі Дзяржынскага. Казалі: „Мы раней былі вялікія!“, маючы на ўвазе СССР. Мяне спрабавалі псыхалягічна душыць у КДБ. Але я дачка міліцыянта, у мяне ўсё жыцьцё „допыт-гутарка“. Таму на мяне ня дзейнічала», — кажа Саша.

«Ваш муж усьведамляе цяжар сваёй віны»

У КДБ Саша ўбачыла Арцёма, які быў падобны на «мяшок»: «У яго былі шкляныя вочы, ён мыкаў нешта, ня мог гаварыць».

«А мне сказалі супрацоўнікі КДБ, што ён такі, бо ўсьведамляе цяжар сваё віны». Я думала, што Арцём застанецца інвалідам, што яму адбілі галаву... Я вучыла, што закон — перш за ўсё. Думала, што хоць на 30% у нашай краіне ён выконваецца, а ўбачыла, што зусім не, цалкам! Фізычнае і прававое бясьсільле. Гэтыя людзі проста зьнішчылі закон», — кажа Саша.

Пазьней яна даведалася пра новую крымінальную справу — цяпер ужо паводле артыкулу 293 (масавыя беспарадкі). У іх Саша з Арцёмам нібыта ўдзельнічалі ў Менску. Доказ — ну яны ж там былі, значыць, удзельнічалі. У Гомлі — арганізавалі.

Пасьля гомельскага ІЧУ іх перавялі на Акрэсьціна ў Менск. Пасьля пастановы, што яны вызваляюцца пасьля 72 гадзін, новая пастанова — што затрыманыя ўжо паводле іншага артыкулу.

Саша і Арцём былі ўпэўненыя, што калі іх вязуць на Акрэсьціна, яны ня выйдуць на свабоду хутка. Але пасьля 72 гадзін выйшлі.

«Мяне адпусьцілі першым. Я ехаў на таксі, каб забраць Сашу з Акрэсьціна. Таксіст убачыў, што я без шнуркоў, і адразу ўсё зразумеў. Ня браў грошай, а сам пачаў прапаноўваць, даў 50 рублёў яшчэ і прасіў прабачэньня, што мала, прапаноўваў у Гомель нас завезьці. Гэты гвалт, катаваньні людзей — жах, вядома. Але як нашы людзі кансалідаваліся пасьля гэтага, як пачалі дапамагаць адзін аднаму, як шмат людзей сталі валянтэрамі!», — кажа Арцём.

Цяпер яны ў падвешаным стане. Крымінальныя справы заведзеныя, але абвінавачаньняў пакуль няма. Як няма і яснасьці і разуменьня, што будзе далей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG