Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзтва новае, улада старая: як ім суіснаваць?


Ілюстрацыйнае фота. Марш пэнсіянэраў у Менску, 5 кастрычніка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Марш пэнсіянэраў у Менску, 5 кастрычніка 2020 году

Нават калі ўявіць, што тактыка сілавога ўціску прынясе плён і грамадзтва пакрысе супакоіцца, разьлік улады на тое, што сытуацыя вернецца на звыклыя рэйкі і людзі працягнуць маўчаць і трываць, ня спраўдзіцца. Беларусь уступіла ў пэрыяд пэрманэнтнага сацыяльна-палітычнага крызісу, які сілавым шляхам вырашыць немагчыма.

Сьцісла:

  • Нягледзячы на аптымістычную рыторыку, Лукашэнка добра ўсьведамляе, у якой сытуацыі апынуўся.
  • Высновы, якія робіць Лукашэнка з гэтай новай сытуацыі, выклікаюць, прынамсі, пытаньні. Ніякай стратэгіі няма, ёсьць толькі ўладны рэфлекс. Стаўка робіцца выключна на сілу, помсту, застрашваньне.
  • Аднак «закачаць у асфальт» большасьць насельніцтва не атрымаецца.
  • Цана, якую давядзецца заплаціць за «ўсталяваньне парадку», будзе вельмі высокая.
  • За гэтыя месяцы створаная вялікая інфраструктура грамадзкага руху. Пабудаваныя мэханізмы для лёгкай і хуткай мабілізацыі пратэставага руху, які можа ўзьняцца ў любы момант.

У экспэртным асяродзьдзі, сацыяльных сетках даволі распаўсюджаная думка, што Аляксандар Лукашэнка жыве ў нейкай сваёй паралельнай рэальнасьці і неадэкватна ацэньвае сытуацыю ў краіне. Вось, выступаючы на Жаночым форуме, ён пакляўся, што сапраўды атрымаў на выбарах 80%. Магчыма, ён сам шчыра так думае?

На мой погляд, папраўдзе ён добра разумее, у якой сытуацыі апынуўся. Пра гэта сьведчаць усе ягоныя паводзіны ад пачатку выбарчай кампаніі, калі ён пасьлядоўна выдаляў з выбараў асноўных канкурэнтаў (Ціханоўскага, Бабарыку, Цапкалу). Калі б ён верыў у свае 80%, то наўрад ці гэта рабіў бы. Была паездка на МЗКТ, дзе яму ўчынілі абструкцыю. Ці вось ягоны выступ на праўладным мітынгу на плошчы Незалежнасьці 16 жніўня, дзе ён зь непрыхаванай горыччу фактычна крычаў: «Што я зрабіў ня так?». А таемная інаўгурацыя? Таксама вельмі адметна, што сына Колю і сваіх унукаў ён выправіў вучыцца ў закрытую прыватную школу, адмыслова пабудаваную для іх расейскім алігархам Гуцэрыевым.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка даволі адэкватна ацэньвае рэальнасьць. Разумее, што большасьць насельніцтва яго, мякка кажучы, ня любіць.

А вось высновы, якія робіць Лукашэнка з гэтай новай сытуацыі, выклікаюць прынамсі пытаньні. Ніякай стратэгіі няма, ёсьць толькі ўладны рэфлекс. Стаўка робіцца выключна на сілу, застрашваньне, помсту. Разьлік на тое, што пратэст з часам пойдзе на спад, народ стоміцца доўга выходзіць на вуліцы. І ўсё вернецца да таго стану, які быў паўгода таму.

Аднак «закачаць у асфальт» большасьць насельніцтва не атрымаецца. Усё ж Беларусь не Кампучыя часоў Пол Пота.

Нават калі ўявіць, што тактыка сілавога ўціску прынясе плён і грамадзтва пакрысе супакоіцца, разьлік улады на тое, што сытуацыя вернецца на звыклыя рэйкі і людзі працягнуць маўчаць і трываць, ня спраўдзіцца. Беларусь уступіла ў пэрыяд пэрманэнтнага сацыяльна-палітычнага крызісу, які сілавым шляхам вырашыць немагчыма. На тое ёсьць шэраг прычын.

Найперш, цана, якая будзе заплачаная за «ўсталяваньне парадку», будзе вельмі высокая. Гэта разбурэньне бізнэсу, прававой сыстэмы, цяжкая псыхалягічная траўма для грамадзтва.

Баюся, завяне праект індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Бо кітайцаў прываблівала магчымасьць прадаваць прадукцыю з гэтага парку ў Эўропу. Для Пэкіна Беларусь у стане вострага канфлікту з ЭЗ мала цікавая.

Асобная тэма — роля Расеі. Лукашэнка ня хоча ўступаць ні ў якія перамовы з народам ня толькі таму, што гэта для яго ганебна, бо выглядала б як параза. Любы рэальны дыялёг з грамадзтвам азначаў бы пэўнае абмежаваньне ягонай аднаасобнай улады. Але і просьба аб дапамозе Расеі — таксама абмежаваньне ўлады. Бо Масква падтрымала Лукашэнку на пэўных умовах. Адна зь іх — гэта ўзмацненьне кантролю Крамля над Беларусьсю. Гэта выявілася і ў разбурэньні адносін паміж афіцыйным Менскам і Захадам, і ў абмежаваньні беларускай самастойнасьці ў інфармацыйнай палітыцы, і інш.

Другое. Нават калі рэжыму ўдасца ў нейкі момант прыдушыць пратэст, то абуджаная Беларусь нікуды не падзенецца. За гэтыя месяцы створана вялікая інфраструктура грамадзкага руху. Яна ўключае ў сябе тэлеграм-каналы, структуры грамадзянскай супольнасьці ў выглядзе суполак дамоў, мікрараёнаў. Створаныя адпаведныя чаты для камунікацый. То бок пабудаваныя мэханізмы для лёгкай і хуткай мабілізацыі пратэставага руху, які можа ўзьняцца ў любы момант. І для палітызаванага грамадзтва, якое прыйшло ў рух, любая электаральная кампанія тоіць у сабе пагрозу новага выбуху. У далейшым праводзіць выбары ў краіне так, як раней, уладам ня ўдасца. А наперадзе мясцовыя выбары, плянаваны рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі.

У Лукашэнкі няма праграмы выхаду з сацыяльна-палітычнага крызісу. Ёсьць толькі жаданьне ўсё прыдушыць. Але гэта ня выйсьце.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG