Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Войска Азэрбайджану абстрэльвае Карабах беларускімі «Палянэзамі»


Прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву паказваюць беларускія «Палянэзы»
Прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву паказваюць беларускія «Палянэзы»

Як на ўзбраеньні Азэрбайджану аказаліся беларускія ракеты і як канфлікт у Карабаху адаб’ецца на адносінах Беларусі з Армэніяй і Азэрбайджанам? Расказвае незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.

Алесін называе ўгоду па продажы беларускіх «Палянэзаў» Азэрбайджану «чыстай», але прызнае, што яна «падкінула дроваў» у не патушаны за 30 гадоў канфлікт паміж краінамі.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

«Так, ужо ёсьць афіцыйныя пацьверджаньні, што нашы „Палянэзы“ выбухаюць на тэрыторыі Карабаху — імі азэрбайджанскія вайскоўцы абстрэльваюць пазыцыі войска самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі, там гінуць і мірныя жыхары. Гэта сумны, але факт», — мяркуе Аляксандар Алесін.

«Палянэзы» былі прададзеныя Азэрбайджану два гады таму. За 10 установак залпавага агню і адпаведнае абсталяваньне да іх Азэрбайджан заплаціў 160 мільёнаў даляраў, прычым усе грошы былі пералічаныя перадаплатай.

«Ужо гэта дэманструе ступень даверу паміж рэжымамі дзьвюх краін. Цяпер разам з ізраільскімі ракетамі „Лора“ беларускія „Палянэзы“ — самая дальнабойная зброя Азэрбайджану, бо яны ляцяць на 300 кілямэтраў, імі можна прастрэльваць тэрыторыю Карабаху з усіх бакоў», — кажа Аляксандар Алесін.

Паводле Аляксандра Алесіна, фармальна ўгода аб продажы Азэрбайджану беларускіх «Палянэзаў» лічыцца законнай, бо Азэрбайджан не знаходзіўся ў стане вайны з Армэніяй і такім чынам Беларусь не парушала абавязаньняў па нераспальваньні вайсковых канфліктаў.

«Але маральны момант, вядома, прысутнічае. Бо чарговы канфлікт паміж гэтымі народамі, якому ўжо больш за 30 гадоў, не пагашаны, і продаж туды зброі адназначна гэтаму не спрыяе. Іронія сытуацыі ў тым, што міжнародны орган урэгуляваньня канфлікту ў Карабаху завецца „менскай групай“, але атрымліваецца, што цяпер пра гэтую групу варта забыць, канчаткова стала зразумела, што яна нічога не вырашае», — кажа экспэрт.

Паводле Аляксандра Алесіна, Беларусь і раней прадавала зброю Азэрбайджану.

«Танкі прадавалі, дальнабойную артылерыю, боепрыпасы», — кажа экспэрт і заўважае, што і другому боку канфлікту, Армэніі, зь Беларусі таксама шмат разоў прадавалася зброя.

«У тым ліку прадавалі боепрыпасы, якімі цяпер абараняецца Карабах. З Армэніяй у Беларусі сталае вайсковае супрацоўніцтва, мяркую, цяпер яно не спынілася».

Ці не разваліцца АДКБ?

Армэнія, як і Беларусь, уваходзіць у АДКБ — вайсковую арганізацыю былых савецкіх рэспублік, зьвязаных Дамовай аб калектыўнай бясьпецы. Азэрбайджан да гэтай дамовы не далучыўся. Як паўплывае на сытуацыю ўнутры АДКБ той факт, што беларускія ракеты выбухаюць на тэрыторыі Карабаху?

«Ня думаю, што Армэнія выставіць нейкія прэтэнзіі Беларусі з прычыны „Палянэзаў“», — мяркуе Аляксандар Алесін і зазначае, што Расея прадала зброі Азэрбайджану ў 10 разоў болей, але гэта не спыніла ўдзелу Армэніі ў АДКБ.

«Наадварот, Армэнія зацікаўленая ў Маскве цяпер больш, чым раней. Нікол Пашыньян як прыйшоў да ўлады, заняў больш жорсткую, чым ягоныя папярэднікі, пазыцыю ў кантактах з Масквой. Але цяпер, мяркую, стане лагодным, бо яму як ніколі патрэбная вайсковая і палітычная дапамога Масквы. Што да Беларусі, то тут пазыцыя ня зьменіцца, паколькі Беларусь застаецца моцна зьвязаная з Масквой і ўжо гэтым карысная Армэніі», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Паводле Аляксандра Алесіна, у працягу кантактаў зь Менскам застаецца зацікаўлены і Баку.

«Беларусь шмат прадае сельскагаспадарчай тэхнікі ў Азэрбайджан, купляе там нафту. Шмат сувязяў, якія разарваць даволі цяжка», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Беларускія «Палянэзы» вырабляюцца на заводзе ў Дзяржынску, а шасі для іх — на заводзе колавых цягачоў у Менску. Цяпер беларускія адмыслоўцы працуюць над новай вэрсіяй ракет для «Палянэзаў». Яна, верагодна, зацікавіць Саудаўскую Арабію, якая замовіла падобныя ўстаноўкі ва Ўкраіне, але ўгода пакуль ня выкананая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG