Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Баялася, што пачнуць заломваць рукі на вачах у дзяцей». Навошта міліцыя прыходзіць дадому да журналістаў?


Ілюстрацынйае фота
Ілюстрацынйае фота

У нядзелю 4 кастрычніка адбылося адразу некалькі такіх выпадкаў. З усімі супрацоўнікамі СМІ праведзеныя гутаркі, яны пакуль застаюцца на волі.

4 кастрычніка ў многіх гарадах Беларусі прайшлі чарговыя акцыі пратэсту. Самая буйная адбылася ў Менску. Акрамя ўдзельнікаў акцый, супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымлівалі і журналістаў. Адной з затрыманых стала фатографка выданьня «БелГазета» Дар’я Сапранецкая.

Дар'я Сапранецкая
Дар'я Сапранецкая

«Я яшчэ нічога не пасьпела зняць, была непадалёк ад „Галерэі Менск“ у натоўпе, дзе нічога не адбывалася, — расказала Дар’я Свабодзе. — Назірала. Паздымала выступ хору. А потым людзі пабеглі, іх пачалі хапаць. Я блізка не падыходзіла, тэлевіком здымала. Падышоў супрацоўнік міліцыі. Спачатку сказаў адысьці, а потым папрасіў паказаць пасьведчаньне. Пакуль я яго даставала, ён мяне ўжо адвёў у бок аўтазака. Там яны ў мяне актыўна забіралі тэлефон, абмяркоўвалі па рацыях, ці „браць „БелГазету““. Пасадзілі ў аўтазак і павезьлі».

Дар’я працуе журналістам ня першы год, на пасьлявыбарных пратэстах у якасьці фатографа і апэратара прысутнічае рэгулярна. Затрымлівалі яе ўпершыню, яна кажа, што гэта для яе стала нечаканасьцю. Пасьля затрыманьня Дар’ю адвезьлі ў РУУС, адкуль адпусьцілі празь некалькі гадзін без складаньня пратаколу.

«Муж са свякроўю былі ў шоку»

Гісторыя нечакана працягнулася празь некалькі гадзін, увечары, дома ў фатографкі. Спачатку ёй пазванілі з РУУС і настойліва прапанавалі вярнуцца для невядомых дадатковых сьледчых дзеяньняў. А калі яна адмовілася гэта зрабіць і папрасіла даслаць позву, то празь нейкі час пачула звон і стук у дзьверы, а ў вочка пабачыла людзей у балаклавах з надпісамі «АМАП» на форме.

«Муж са свякроўю былі ў шоку, — кажа Дар’я. — Мы ўсе былі ў шоку. Таму што гэтыя „маскі-шоў“ дома... Мы дзецям патлумачылі, што вось, да нас прыйшлі, але мы не адчыняем. Дзеці былі ў іншым пакоі. Яны ня вельмі разумелі, што адбываецца. Я баялася, што калі адчыню дзьверы, мяне могуць затрымаць проста на вачах дзяцей, будуць заломваць рукі. Гэта было б стрэсам для дзяцей».

Старэйшаму сыну Дар’і 4 з паловай гады. Дачцэ — 1 год і 3 месяцы.

Дзьвярэй фатографка амапаўцам не адчыніла, замест гэтага пачала стрым у свой фэйсбук. Пасьля гэтага людзі ў балаклавах сышлі, другі раз супрацоўнікі міліцыі прыйшлі бяз масак, паказвалі пасьведчаньне праз вочка. Пасьля чарговай адмовы адчыніць дзьверы пакінулі пад імі позву. У РУУС Дар’я паехала 5 кастрычніка сама, з адвакатам.

«Запісалі мае тлумачэньні, я паразмаўляла з Ганусевіч (Натальля Ганусевіч, супрацоўніца прэс-службы УУС Менгарвыканкаму. — РС), і мяне адпусьцілі, — кажа Дар’я. — Яна распытвала пра абставіны затрыманьня. Выбачалася за тое, што я была затрыманая, што мне прыйшлося праз гэта прайсьці. Сказала, што зараз трэба абавязкова прыходзіць на так званы інструктаж міліцыі, куды зьбіраюць журналістаў перад кожнай акцыяй. Неяк так гэта называецца. Ганусевіч запісала мой нумар тэлефона. Увогуле ўчора інструктаж быў а 13 гадзіне прыкладна, я ў гэты час была дома яшчэ».

«Калі б нехта з журналістаў паехаў у РУУС, то мог бы быць ужо асуджаны»

Па словах Сапранецкай, адміністратыўная справа ў дачыненьні да яе не заведзеная. А супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што да гэтага ня дойдзе.

«Натальля Ганусевіч сказала мне, што пратакол аб адміністратыўным парушэньні складацца ня будзе, — кажа фатографка. — Але я давала тлумачэньні. Як мне ўдакладніў адвакат, гэта неабходная для складаньня пратаколу працэдура. І можа быць рашэньне аб спыненьні працэсу, альбо аб складаньні пратаколу і яго перадачы ў суд. Супрацоўнік, які запісваў мае тлумачэньні, сказаў, што цягам 10 дзён мне прыйдзе паведамленьне аб спыненьні адміністратыўнага працэсу».

Адказ аб пачатку адміністратыўнай справы альбо аб адмове ад яе павінен прыйсьці Дар’і Сапранецкай на працягу 10 дзён. Тое самае тычыцца і іншых журналістаў, якія трапілі 4 кастрычніка ў падобную гісторыю — Алега Шапелюка з выданьня «Белорусы и рынок», а таксама Аляксандра Ўладыкі з Onliner.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Журналістаў беспадстаўна затрымалі, — камэнтуе старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. — Пры тым, што журналісты выконвалі ўсе законам прадугледжаныя патрабаваньні. Нягледзячы на тое, што журналісты былі адпушчаныя, увечары да некаторых зь іх прыйшлі дадому супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Так было ня толькі ў Менску, у рэгіёнах таксама такое здарылася. Прыехалі дадому, патрабавалі праехаць у РУУС. Магчыма, каб нехта з журналістаў туды паехаў, то ўжо быў бы асуджаны. Гэтыя справы яшчэ ня скончаныя, яны толькі пачаліся. Нельга сказаць, што калі пратакол сёньня ня быў складзены, то ўжо ўсё. Цалкам магчыма, што на падставе тлумачэньняў журналістаў супраць іх будуць складзеныя пратаколы, якія потым дойдуць да суду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG