Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары заявілі аб далейшым паляпшэньні стану здароўя Трампа


Дональд Трамп у шпіталі
Дональд Трамп у шпіталі

Стан здароўя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які лечыцца ад каранавіруснай інфэкцыі, працягвае паляпшацца, і ня выключана, што ўжо ў панядзелак 5 кастрычніка ён пакіне вайсковы шпіталь у прыгарадзе Вашынгтону. Пра гэта паведамілі ў нядзелю лекары, якія займаюцца лячэньнем прэзыдэнта.

Яны расказалі падрабязнасьці пра ход захворваньня. Па іх словах, у прэзыдэнта, які атрымаў станоўчы тэст на каранавірус увечары ў чацьвер, двойчы за апошнія дні падаў узровень насычэньня крыві кіслародам — гэты сымптом можа сьведчыць пра патэнцыйнае разьвіцьцё ўскладненьняў, у тым ліку пнэўманіі. Асаблівыя асьцярогі выклікаў стан здароўя Трампа раніцай у пятніцу, калі ў яго да таго ж паднялася тэмпэратура. Лекары паведамілі, што ён атрымаў неабходную тэрапію. Раней паведамлялася, што прэзыдэнт таксама прымаў экспэрымэнтальны прэпарат — так званы «кактэйль» з антыцеламі да каранавірусу.

Трампа шпіталізавалі ў пятніцу. Ужо ў суботу лекар, які яго лечыць, паведаміў, што стан здароўя прэзыдэнта палепшыўся, у яго няма тэмпэратуры і цяжкасьцяў з дыханьнем. У нядзелю лекары пацьвердзілі, што тэмпэратуры ў Трампа няма зь пятніцы.

Сам прэзыдэнт напярэдадні запісаў чатыроххвіліннае відэа са шпіталя, у якім заявіў, што яму лепш і што неўзабаве ён будзе гатовы вярнуцца да перадвыбарчай кампаніі. Ён падзякаваў тым, хто жадаў яму ачуняць, за падтрымку.

Трамп, як паведамляе Белы Дом, працягвае працаваць, для гэтага ў шпіталі ёсьць адмыслова абсталяваныя памяшканьні.

Да выбараў прэзыдэнта ЗША застаецца менш за месяц — яны пройдуць 3 лістапада. Шэраг камэнтатараў лічаць хваробу Трампа ўдарам па ягонай кампаніі, адзначаючы як неабходнасьць зьмены плянаў, так і тое, што яна прыцягнула дадатковую ўвагу да сытуацыі з каранавірусам у ЗША, дзе заразіліся больш за 7 мільёнаў чалавек і памерлі ад COVID-19 больш за 200 тысячаў. Апанэнты Трампа абвінавачваюць адміністрацыю ў недахопе прадуманай стратэгіі барацьбы з пандэміяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG