Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Упаў з ложка». СК пракамэнтаваў сьмерць у шпіталі мужчыны, якога з траўмамі прывезьлі з Акрэсьціна


Ілюстрацыйнае фота

Паводле дадзеных сьледзтва, 29 верасьня ў бальніцу паступіў 41-гадовы мянчук зь цялеснымі пашкоджаньнямі. Празь некалькі дзён, 3 кастрычніка, ён памёр, паведамляе Сьледчы камітэт у Тэлеграме.

Паводле СК, у ходзе праверкі сьледчыя ўстанавілі, што мужчыну затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэньне (дробнае хуліганства), ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна. Таксама папярэдне ўстаноўлена, што там ён упаў з другога яруса ложка і так атрымаў цялесныя пашкоджаньні. Каб вызначыць дакладную прычыну сьмерці, прызначана судова-мэдычная экспэртыза, сьледчыя вынялі неабходную мэдычную дакумэнтацыю, апытваюць відавочцаў.

«Некаторыя телеграм-каналы і СМІ актыўна спрабуюць палітызаваць дадзеную трагедыю, зьвязваючы яе з жорсткасьцю супрацоўнікаў міліцыі. Аднак затрыманьне мужчыны не зьвязана з удзелам у незаконных масавых мерапрыемствах», — гаворыцца ў паведамленьні СК. У ім сьледчыя просяць «не распаўсюджваць недакладную інфармацыю».

2 кастрычніка ў некаторых тэлеграм-каналах і СМІ зьявілася інфармацыя, што ў менскі шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі 29 верасьня паступіў мужчына зь менскага ізалятара на вуліцы Акрэсьціна. Паводле фатаздымку мэдычнага анамнэзу і дыягназу, які распаўсюдзілі СМІ, у мужчыны былі пераломы касьцей чэрапа, субдуральныя двухбаковыя гематомы, адкрытая чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені, пераломы 3–12 рэбраў справа, гематоракс справа, удар лёгкага, аскепкавыя пераломы правай клубавіцы, забрухавінная гематома.

3 кастрычніка тэлеканал «Белсат» паведаміў пра сьмерць мужчыны са спасылкай на родных.

«Нам у больніцы сказалі, што лекарам ён пасьпеў расказаць, што яго зьбілі міліцыянты. А вось міліцыянты, у сваю чаргу, сказалі, што ён зваліўся з другога яруса ложка. Але, канечне, з такімі траўмамі мы разумеем, што гэта немагчыма», — сказала «Белсату» сваячка Дзяніса К.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG