Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Акрэсьціна ў шпіталь хуткай дапамогі прывезьлі пацыента з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай, непрытомнага


У менскі шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі 29 верасьня паступіў мужчына зь менскага ізалятару на завулку Акрэсьціна. Пацярпелы — Дзяніс Кузьняцоў​, яму 41 год, паведамляе «Эўрарадыё».

«Ён ляжыць у нас у рэанімацыі. Прыбыў з Акрэсьціна. Стан яго цяжкі, без прытомнасьці, на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх», — пацьвердзіў «Эўрарадыё» доктар шпіталя на ўмовах ананімнасьці.

У закрытым тэлеграм-чаце мэдыкаў «Белые халаты» паведамляюць, што ў мужчыны пераломы касьцей чэрапа, субдуральныя двухбаковыя гематомы, адкрытая чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені, пераломы 3–12 рэбраў справа, гематоракс справа, удар лёгкага, аскепкавыя пераломы правай клубавіцы, забрухавінная гематома. З словаў дактароў, пры паступленьні пацыента ім сказалі, што мужчына ўпаў з другога паверху нараў, сьцьвярджае выданьне.

Фота з дыягназам пацыента з Акрэсьціна апублікаваў «Белсат»:

«Еўрарадыё» зьвязалася з блізкімі Кузьняцова. Спачатку яны пацьвердзілі, што мужчына трапіў з ізалятара ў бальніцу. Але потым сказалі, што ўдакладнілі інфармацыю — гаворка не пра іх сваяка, а пра яго цёзку.

Пасьля жорсткага разгону пратэстаў 9-12 жніўня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі дзясяткі затрыманых, якія трапілі на Акрэсьціна, пасьля выхаду скардзіліся на катаваньні з боку сілавікоў.

Заявы па факце прымяненьня гвалту з боку праваахоўнікаў падалі ў Сьледчы камітэт больш за 600 чалавек. У пачатку верасьня ААН заявіла пра 450 задакумэнтаваных выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня зь людзьмі, затрыманымі пасьля выбараў 9 жніўня ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG