Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гвалтуюць? Міліцыі не да «бытавухі»!


Дзьвюх маіх знаёмых, ніяк не зьвязаных паміж сабой, нядаўна спрабавалі згвалціць. З адной гэта здарылася на працы, з другой — дома ў вельмі блізкага сябра. Абедзьве спрабуюць пакараць крыўдзіцеляў «у прававым полі», і ў абедзьвюх гэта неяк ня надта атрымліваецца.

Такіх гісторый у Беларусі шмат, і я неаднаразова чула і чытала пра тое, як абуральна міліцыянты і іншыя работнікі так званых праваахоўных органаў абыходзяцца з пацярпелымі ад сэксуальных злачынстваў. Цяпер жа да звычайнай ужо бюракратыі і абыякавасьці дадаўся новы фактар — усе надта занятыя палітычна матываванымі справамі, каб займацца «бытавухай».

Сам па сабе зварот у міліцыю па дапамогу ў такой сытуацыі — гэта геройства. Я асабіста ведаю жанчын, якія так ніколі і не заявілі на сваіх крыўдзіцеляў, бо баяліся, што размовы зь міліцыянтамі і сьледчымі нанясуць ім новую траўму. І я іх разумею і ніякім чынам не магу асуджаць. Зноў і зноў пераказваць, што адбылося, а заадно даказваць, што «была прыстойна апранута, не піла, не ўжывала рэчываў, не правакавала» — тое яшчэ «задавальненьне». І... а што, калі была ў кароткай сукенцы? Што, калі выпівала разам з тым, хто потым вырашыў згвалціць? Тады даводзіцца даказваць міліцыянтам, што гэта ўсё не нагода і не апраўданьне для злачынцы і што вінаваты ў гвалце па-ранейшаму той, хто гвалціць.

«Мяне найбольш абурае стаўленьне міліцыі», — кажа мая знаёмая. Згвалтаваньня як такога ў яе выпадку не адбылося, і мужчыну, які на яе напаў, у лепшым выпадку асудзяць за хуліганства. «Штраф будзе, думаю, і ўсё. І штраф жа не на маю карысьць», — дадае яна.

Вось яно — сапраўднае сыстэмнае вычварэнства. Фінансавую кампэнсацыю за тое, што нейкі мужчына спрабуе згвалціць нейкую жанчыну, атрымлівае дзяржава. А жанчына тут і ўвогуле быццам ні пры чым. Так, міма праходзіла.

І гэта яшчэ адзін фактар, які спыняе жанчын ад таго, каб заяўляць на злачынцаў. Ім (нам) трэба прайсьці праз сем колаў пекла, проста каб дзяржаўны бюджэт папоўніўся яшчэ адным штрафам. Не, я, безумоўна, не хачу абясцэньваць адчуваньне «справядлівасьць перамагла», якое мусіць напаткаць пацярпелую пасьля абвяшчэньня прысуду, але хіба гэтага дастаткова?

А як жа кампэнсацыя маральнай шкоды, аплата працы з псыхолягам, аплата адпачынку для рэабілітацыі ўрэшце? Не, ну калі б на месцы жанчыны, якую спрабавалі згвалціць, быў амапавец, якому зламалі палец, гэта было б варта і неадкладна заведзенай крымінальнай справы, і драматычнага сюжэту на тэлевізіі, і вялікіх кампэнсацый. А тут — падумаеш, дробязь нейкая. Ня згвалціў жа? Хай радуецца.

У так званай праваахоўнай сыстэме зараз наклаліся адна на адну дзьве вялізныя праблемы — палітычная аганжаванасьць і абыякавасьць да сэксуальнага гвалту. Яны і паасобку ствараюць катастрофу, а ў спалучэньні адна з адной гэта ўжо больш падобна да апакаліпсісу.

Ну няма калі міліцыі займацца тымі, хто спрабуе гвалціць жанчын, калі яшчэ ня ўсіх маладзёнаў са сьцягамі на плячах пасадзілі на 15 сутак! Як можна выконваць свае непасрэдныя абавязкі, калі на «плошчы Перамен» дарослыя раз за разам аднаўляюць мурал з дыджэямі, а дзеці пішуць крэйдай на асфальце «Жыве Беларусь»? У міліцыянтаў проста не застаецца часу на сапраўдных злачынцаў — яны занятыя разгонам студэнтаў, запужваньнем жанчын з кветкамі і зьбіцьцём выпадковых мінакоў нядзельнымі вечарамі.

Толькі вось злачынцы нікуды ня зьніклі. І ім цяпер, здаецца, дыхаецца так вольна, як ніколі раней.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG