Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ня варта верыць у «жаночую выгаду» ад дамаганьняў


Наста Захарэвіч

Нарэшце тэма сэксуальнага гвалту і дамаганьняў робіцца ў мэдыях такой жа распаўсюджанай, як уласна гвалт і дамаганьні ў грамадзтве. Адначасна паўтараецца стары міт, нібыта жанчыны масава абвінавачваюць невінаватых, тым самым зьнішчаюць іх рэпутацыю, а самі маюць з гэтага выгаду.

Чамусьці існуе ўпэўненасьць, што варта толькі жанчыне сказаць «мяне гвалціў бацька, калі мне было 14» альбо «мяне дамагаўся кіраўнік аддзелу ў мінулую пятніцу», дык у яе імгненна зьявяцца новыя сябры, ананімныя філянтропы аплацяць псыхатэрапію на тры найбліжэйшыя гады, а на пошту прыйдзе чатыры прапановы новай працы, кожная зь якіх, безумоўна, лепш за цяперашнюю.

Гэтая ж масавая сьвядомасьць малюе жудасныя пэрспэктывы для дамагальнікаў і гвалтаўнікоў: яго выганяць з працы, з дому, забароняць бачыцца з дзяцьмі, адсудзяць усе грошы, адправяць у турму, дзе яго абавязкова згвалцяць альбо заб’юць. Карацей, карцінка атрымліваецца спэцыфічная: ахвяра гвалту будзе купацца ў промнях шчасьця, а чалавек, пра гвалт з боку якога яна заявіла, страціць усё, хоць ён, хутчэй за ўсё, не вінаваты (масавая сьвядомасьць у прынцыпе не надта верыць у існаваньне гвалтаўнікоў).

Рэальнасьць такая, што рэпутацыйныя страты будуць акурат у ахвяраў сэксуальных дамаганьняў і гвалту.

Але давайце вернемся да беларускай рэальнасьці. А рэальнасьць такая, што рэпутацыйныя страты будуць акурат у ахвяраў сэксуальных дамаганьняў і гвалту. Што тычыцца справядліва і несправядліва агавораных, дык гэта ўжо «як пашанцуе».

Вось гісторыя тэлевядоўцы Тамары Лісіцкай: аднойчы бос выклікаў яе да сябе ў кабінэт, прыціснуў да сьцяны і пачаў «лапаць». Яна выкруцілася і зьбегла, але ў той жа дзень да яе сталі інакш ставіцца калегі. У хуткім часе жанчына звольнілася. Ці прымушалі яе сысьці з працы? Фармальна — не. Але фактычна гэтая сытуацыя мела для Тамары нэгатыўныя наступствы. Яна сышла, кіраўнік застаўся.

А вось гісторыя пра тое, як школьнага настаўніка арыштавалі за сэкс з 14-гадовай вучаніцай. Але дзе ж расповед пра тое, як добра стала жыцца дзяўчыне пасьля ўсяго, што адбылося? Няма такога расповеду, бо ў рэальнасьці аднавяскоўцы сталі на бок настаўніка і казалі, што дзяўчына ўсё прыдумала і помсьціць мужчыне. Іншыя дзеці пачалі яе цкаваць, і маці давялося перавесьці яе ў іншую школу.

А вось як адна жанчына распавяла партнэру пра тое, што яе згвалціў невядомы ў парку: «Калі я прызналася яму, што мяне згвалцілі, ён быў у ярасьці. Сказаў: «Сама вінавата». І сышоў ад мяне. Лёг на канапе ў іншым пакоі, а на наступны дзень падышоў і з каменным тварам сказаў: «Я не магу быць з дзяўчынай, якой крануўся іншы мужчына».

Ва ўсіх вядомых мне гісторыях аб тым, як выкладчыкі дамагаюцца студэнтак, дзяўчат абавязкова абвінавачваюць у тым, што яны ўсё гэта прыдумалі, каб адпомсьціць за кепскую адзнаку. Выкладчыкі звычайна не губляюць нічога.

Я хачу запытацца: дзе ўсе гэтыя «плюшкі», нібыта дзеля якіх жанчыны расказваюць, як іх прыніжалі? Дзе кар’ерны ўзьлёт, дзе заробленыя на гэтым грошы? А нічога гэтага няма. Ёсьць толькі страх, боль і пустэча.

Нават тады, калі гвалт быў даказаны судом, рэпутацыя гвалтаўніка можа не пагоршыцца.

Гэта неверагодна, але нават тады, калі гвалт быў даказаны судом, рэпутацыя гвалтаўніка можа не пагоршыцца. Больш за тое, у асобных выпадках яго могуць пачаць лічыць невінаватым пакутнікам і ахвярай несправядлівай судовай сыстэмы альбо сусьветнай жаночай змовы. У няўцямнае жаданьне жанчыны «адпомсьціць» ці «ачарніць» людзі вераць куды больш ахвотна, чым у тое, што дамаганьні і гвалт літаральна паўсюль.

Расказваючы пра тое, як яна стала ахвярай дамаганьняў альбо сэксуальнага гвалту, жанчына рызыкуе страціць сяброў, працоўнае месца і нават сям’ю. Вось які сапраўдны адваротны бок мэдалю. А фантазіі пра рэпутацыйны ўзьлёт — гэта толькі фантазіі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG