Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы патрабуюць ад пракуратуры Менску справаздачы аб расьсьледаваньні катаваньняў у ізалятарах


Чарга ў шпіталь хуткай дапамогі для зьняцьця пабояў пасьля ізалятара на Акрэсьціна. 15 жніўня 2020 году
Чарга ў шпіталь хуткай дапамогі для зьняцьця пабояў пасьля ізалятара на Акрэсьціна. 15 жніўня 2020 году

Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі ў асобе беларускіх арганізацый патрабуе ад пракуратуры Менску справаздачы аб праведзенай працы ў сувязі з інфармацыяй аб катаваньнях затрыманых у ізалятарах, паведамляе «Прававая ініцыятыва».

З адпаведным супольным зваротам выступілі аб’яднаньне «Прававая ініцыятыва», праваабарончая арганізацыя Human Constanta, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, асьветніцка-сацыяльнае грамадзкае абʼяднаньне «Зьвяно» і «Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын».

Праваабаронцы патрабуюць ад пракуратуры паведаміць:

  • што зрабіў старшы памочнік пракурора Менску па наглядзе за выкананьнем заканадаўства органамі крымінальна-выканаўчай сыстэмы і прымусовага выкананьня М. Герашчанка для правядзеньня праверкі ўмоваў утрыманьня ў ЦІП і ІЧУ за жнівень 2020 году,
  • якія акты пракурорскага нагляду былі вынесеныя па выніках праверкі.

Як падкрэсьліваюць праваабаронцы, праз 1,5 месяца пасьля зьяўленьня інфармацыі пра катаваньні ў ізалятарах у публічных крыніцах няма ніякай інфармацыі пра наведваньне пракуратурай ЦІП і ІЧУ і абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян.

  • Пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту 9–11 жніўня супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, да праваабаронцаў масава пачала паступаць інфармацыя аб катаваньнях і жорсткіх умовах у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) і ізалятарах часовага ўтрыманьня (ІЧУ).
  • 13 жніўня беларускія праваабарончыя арганізацыі зьвярнуліся да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з патрабаваньнем спыніць катаваньні і жорсткае абыходжаньне з затрыманымі.
  • 17 жніўня Сьледчы камітэт паведаміў, што ў ведамства зьвярнуліся больш за 700 чалавек з заявамі аб зьбіцьці сілавікамі.
  • 26 жніўня ў сувязі з гэтымі заявамі пад эгідай Генпракуратуры стварылі міжведамасную камісію, куды, акрамя Генпракуратуры, увайшлі прадстаўнікі Сьледчага камітэту, Міністэрства ўнутраных спраў і Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. Публічных паведамленьняў аб працы камісіі да гэтага часу не было.
  • 20 жніўня беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі стварылі Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі, учыненых супраць удзельнікаў мірных акцый. Яго мэта — збор фактаў і доказаў пра ўжываньне катаваньняў да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту ў Беларусі, каб у далейшым прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG