Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сустрэчы Ціханоўскай і Макрона ў Вільні МЗС Беларусі абвясьціў санкцыі супраць краін Балтыі


Пікет каля МЗС Беларусі

Міністэрства замежных спраў Беларусі пракамэнтавала сустрэчу ў Вільні прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона са Сьвятланай Ціханоўскай.

«Парадак дня візыту прэзыдэнта Францыі ў літоўскую сталіцу не асабліва зьдзіўляе, — сказаў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз. — У прынцыпе, ствараецца ўстойлівае адчуваньне, што ў Літве зьявілася новая славутасьць (у расейскім варыянце — достопримечательность — РС), якую ўсім абавязкова навязваюць для наведваньня».

Эманюэль Макрон, які знаходзіцца ў Літве зь візытам і сустрэўся з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі, выказаў спадзеў, што з уключэньнем у працэс АБСЭ ўдасца завязаць дыялёг паміж уладамі Беларусі і апазыцыяй.

Анатоль Глаз з «прафэсійнага пункту гледжаньня» параіў «ня цешыць сябе ілюзіямі».

«Нейкія пасьпешлівыя кантакты зь дзіўнымі суб’ектамі ня маюць і не будуць мець ніякага практычнага сэнсу. У дыпляматыі дастаткова ўсімі прызнаных цывілізаваных інструмэнтаў, з дапамогай якіх можна весьці дыялёг і адстойваць інтарэсы. Гэтыя інструмэнты значна больш эфэктыўныя, чым спробы грубага ціску і навязваньня сваёй волі суседу», — заявіў прадстаўнік МЗС.

Анатоль Глаз дадаў, што афіцыйнаму Менску ўсё складаней камэнтаваць «алягічныя эмацыйныя рухі цела» балтыйскіх суседзяў, якія часам мяжуюць з гістэрыкай.

«Пашырылі санкцыйныя спісы... Што ж, ад сёньняшняга дня, як і абяцалі, мы таксама ўводзім ў адказ сымэтрычныя абмежавальныя меры па кожнай з гэтых краінаў», — канстатаваў ён.

Літва, Латвія і Эстонія ўвялі пэрсанальныя санкцыі супраць 100 чыноўнікаў і сілавікоў, якія маюць непасрэднае дачыненьне да фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту над мірнымі пратэстоўцамі.

На гэта кіраўніцтва Беларусі заявіла, што падрыхтуе свой санкцыйны сьпіс, але публікаваць яго не зьбіраецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG