Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Рыбак з асьцярожнасьцю выказаўся пра падзеі ў Беларусі


Народжаны ў Беларусі нарвэскі сьпявак, пераможца «Эўравізіі-2009»​ Аляксандар Рыбак у інтэрвію швэдзкаму публічнаму тэлеканалу SVT успомніў пра сустрэчу з Лукашэнкам і асьцярогся выказвацца пра цяперашнія падзеі ў Беларусі.

— Аляксандар, ты згадаў пра сваю сям’ю. Ты нарадзіўся ў Беларусі. Як там цяпер справы? Наколькі моцныя кантакты ў цябе, які жыве ў Осла, і тваімі сваякамі там? У цябе ж там яшчэ ёсьць сваякі?

— Вядома.

— Цяпер, калі там усё так драматычна, якія ў вас кантакты?

— Нічога не зьмянілася. У мяне заўсёды былі добрыя кантакты з сваякамі там. Мне заўсёды прыемна бачыць тату... Я ж цяпер жыву ў бацькоў. Кожную раніцу тата грае на акардэоне і піяніна па Skype для сваёй мамы. І часам я граю разам зь ім. Але пра палітыку мы асабліва не гаворым. Мяне прасілі выказацца пра гэта. Але лёгка гаварыць пра нешта такое, пра што асабліва і ня ведаеш. Я адчуваю, што... Публічная асоба мусіла б разабрацца... Найлепей было б разабрацца ў сытуацыі і выказаць свой пункт гледжаньня, і як мага больш канструктыўна. Дык лепш пачакаць і разабрацца, а не гаварыць пра тое, чаго ня ведаеш.

— Але ты ўжо раз крыху апёкся? Неяк, ужо даўно, разышлася фотка, дзе ты з прэзыдэнтам Лукашэнкам.

— Ну не, не апёкся. Ён арганізаваў канцэрт, і было б дзіўна ў ім удзельнічаць і адмовіцца зрабіць здымак. Але я не асьцярожнічаю.

— Не, але цябе востра крытыкавалі.

— Так, але калі б я кожны раз апякаўся, то ўжо даўно б згарэў дашчэнту.

— Якім ён табе здаўся?

— ... Можа, прапусьцім гэта?

— Ня памятаеш?

— Ну памятаю. Але, нават калі гэта і скандынаўская праграма, яе глядзяць і ва Ўсходняй Эўропе, вельмі ўважліва. Так што, як я ўжо сказаў, пачакаем, пакуль я сапраўды разьбяруся ў сытуацыі. Калі я бачу, як міліцыянт б'е дэманстранта ў Менску, то — можа, я дзіўна гэта ўспрымаю — але я ня думаю пра «палітыку», а пра тое, што таму чалавеку ня месца ў міліцыі.

— Але калі ты ня хочаш «раскрыць карты» — гэта таму, што ты баісься, што ня зможаш туды паехаць?

— У мяне там сваякі. Думаю, што, можа, яны стараюцца не расказваць нам пра пэўныя рэчы. Мае бабуля і дзядуля вельмі добра ўсьведамляюць, што я артыст і што чым больш я ведаю, тым больш падстаўляюся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG