Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыкам Best Sound Band, якія гралі на жаночым маршы ў Менску, прысудзілі 11, 12 і 13 дзён арышту


Расейскую журналістку аштрафавалі і вызвалілі, беларускім музыкам далі суткі.

Карэспандэнтку «МБХ медиа» Анастасію Альшанскую аштрафавалі на 135 рублёў за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і адпусьцілі. Яе затрымалі 26 верасьня падчас жаночага маршу ў Менску і даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Жодзіне.

Тым часам музыкаў кавэр-гурту Best Sound Band, якіх затрымалі ў той жа дзень у падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа, Савецкі раённы суд Менску прысудзіў арышты – розныя тэрміны за аднолькавае правапарушэньне.

Альтыстку Ніну Матушкіну судзьдзя Аляксандар Воўк пакараў 11 суткамі за «парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Паводле аналягічнага артыкулу 23.34 ч.1 КаАП на 12 сутак адпраўлены за краты Яраслаў Бандарчук. Такое рашэньне прыняла судзьдзя Марына Фёдарава. Яна ж судзіла і апошняга з затрыманых музыкаў калектыву Вадзіма Бурака. Вырак — 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

Калі падчас жаночага маршу частка пратэстоўцаў спусьцілася ў пераход, гурт заграў «Перемен» і «Муры». Людзі віталі маладых музыкаў, падпявалі ім. Але неўзабаве зьявіліся міліцыянты, якія загадалі спыніцца і зьбірацца ў аддзяленьне для «высьвятленьне асобаў».

Дазвольныя паперы на вулічныя выступы на міліцыянтаў не падзейнічалі. Таксама і абураныя воклічы мінакоў, якія спрабавалі прысароміць сілавікоў: маўляў, толькі і хапае імпэту, што змагацца з уласным народам.

Пазьней высьветлілася, што затрымалі Яраслава Бандарчука, Ніну Матушкіну, Вадзіма Бурака. Да суду іх зьмясьцілі ў цэнтар ізаляцыі на Акрэсьціна. Яшчэ дваіх музыкаў адпусьцілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG