Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страта доступу да замежнага рынку капіталу і яго адток». Экспэрты пра наступствы непрызнаньня выбараў


Ілюстрацыйнае фота

Беларусь можа страціць доступ да зьнешняга рынку капіталу і сутыкнуцца з адтокам замежнага капіталу з краіны, гаворыцца ў матэрыялах, якія падрыхтавалі экспэрты Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РСПП).

«Непрызнаньне вынікаў выбараў шэрагам заходніх краінаў фактычна робіць немагчымым рэфінансаваньне зьнешняга доўгу за кошт разьмяшчэньня каштоўных папераў на заходніх фінансавых рынках. Пазыковыя інвэстары сёньня задумваюцца хутчэй аб адкліканьні разьмешчаных сродкаў, чым аб прадстаўленьні новых пазыкаў», — цытуе БелаПАН прагноз экспэртаў РСПП.

Яны падкрэсьліваюць, што толькі рызыкі па датэрміновым адкліканьні прыцягнутых Банкам разьвіцьця на міжнародных фінансавых рынках сродкаў ацэньваюцца больш як у 950 млн даляраў.

Таксама, мяркуюць яны, з прычыны непрызнаньня краінамі Захаду вынікаў выбараў «можа ўзмацніцца дыскрымінацыя ў доступе беларускіх тавараў на рынкі гэтых краінаў, прычым ня толькі праз патэнцыйна магчымае ўвядзеньне санкцыяў, але і з прычыны адмовы контрагентаў супрацоўнічаць зь беларускімі кампаніямі, у тым ліку з прычыны палітычных рызыкаў».

Вырашыць праблемы, якія ўзьнікаюць у эканоміцы на фоне цяперашняга крызісу, за кошт бюджэту ня ўдасца, лічаць экспэрты. «Стан бюджэту ва ўмовах крызісных зьяваў не дазволіць захаваць ня толькі цяперашні ўзровень інвэстыцый за кошт дзяржаўных рэсурсаў, але і фінансаваньне сацыяльных выдаткаў у ранейшых парамэтрах», — мяркуюць экспэрты РСПП.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG