Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прайшоў Жаночы марш, удзельніц якога захоплівалі сілавікі ў балаклавах. Каля сотні затрыманых

Свой суботні марш жыхаркі Менска назвалі рэпэтыцыяй «народнай інаўгурацыі» Сьвятланы Ціханоўскай.


Жаночы марш у Менску,  рэпэтыцыя «народнай інаўгурацыі» Сьвятланы Ціханоўскай, 26 верасьня 2020 году.

Мэтро на Якуба Коласа закрылі

Станцыя мэтро «Плошча Якуба Коласа» закрытая, перадае канал #МотолькоПомоги.

Тым часам у падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа невядомы гурт выконвае песьню Віктара Цоя «Перемен».

Жанчыны ідуць у дзьвюх калёнах да плошчы Перамогі

Жанчыны рухаюцца дзьвюма калёнамі па ходніках праспэкту Незалежнасьці, агулам каля 200 чалавек. Ідуць да плошчы Перамогі, у іх нацыянальныя сьцягі і кветкі.

Марш набліжаецца да плошчы Перамогі, там іх чакае АМАП

Жанчыны па ходніках падыходзяць да плошчы Перамогі, там іх чакае АМАП. Зьявіліся плякаты, сярод іх «Лукашэнку ў аўтазак», «Перамаглі фашыстаў – пераможам і нелюдзяў», «Сьвета – прэзыдэнт».

Калёна разьвярнулася і пайшла на Якуба Коласа

Пабачыўшы шэраг АМАПу на плошчы Перамогі, калёна жанчын разьвярнулася і пачала рух назад на плошчу Якуба Коласа.

Зноў затрыманьні

На праспэкце Незалежнасьці каля менскай гімназіі № 23 сілавікі ў балаклавах і ў чорных шлемах пачалі затрымліваць жанчын. Сілавікоў тут шмат, яны нясьпешна выбіраюць сабе ахвяр і цягнуць у аўтобусы, перадае карэспандэнт Свабоды. Тут каля дзясятка мікрааўтобусаў з АМАПам.

Сілавікі затрымліваюць жанчын у дварах

У дварах менскай гімназіі № 23 сілавікі ў балаклавах працягваюць затрыманьні, забралі там некалькі дзясяткаў жанчын, перадаюць карэспандэнты Свабоды. Але затрымалі яны яшчэ ня ўсіх удзельніц маршу, некаторыя застаюцца на волі і працягваюць гуляць па ходніках праспэкту Незалежнасьці.

«Жаночы марш» у Менску скончыўся. Затрымалі музыкаў, якія гралі «Перемен»

Паводле журналістаў Свабоды, «Жаночы марш» у Менску скончыўся, агулам затрыманыя каля сотні чалавек. Праваабаронцам «Вясны» на цяперашні момант вядомыя прозьвішчы 37 затрыманых, сьпіс абнаўляецца.

У 15:50 праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што ў пераходзе на плошчы Якуба Коласа затрымалі вулічных музыкаў кавэр-гурту Best Sound Band.

Паводле папярэдняй інфармацыі — чатырох. Забралі іх разам з музычнымі інструмэнтамі. Перад гэтым, калі міма праходзіла калёна пратэстоўцаў, яны ў пераходзе выконвалі песьню Віктара Цоя «Перемен».

Сілавікі затрымалі яшчэ трох журналістак

Затрымалі журналістку «Нашай Нівы» Кацярыну Карпіцкую, паведамляе «Наша Ніва». Таксама затрыманыя журналістка TUT.BY Аляксандра Эльбаўм і Марыя Вайтовіч з «Эўрарадыё», піша Белсат.

Працягваюць затрымліваць жанчын на праспэкце Незалежнасьці.

У Менску адкрылі мэтро, сілавікі разьяжджаюцца

Мэтро «Плошча Перамогі» адкрылі, сілавікі разьяжджаюцца з цэнтру гораду.

Як сілавікі затрымлівалі дзяўчыну, якая падарыла ім кветкі. Відэа

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG