Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская рэвалюцыя: цяжарныя пад кантролем


Ілюстрацыйнае фота. Жаночая акцыя пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску, 1 верасьня
Ілюстрацыйнае фота. Жаночая акцыя пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску, 1 верасьня

Нядаўна ў Горадні на акцыі пратэсту затрымалі цяжарную, але намесьніка прэм’ера Ігара Петрышэнку хвалюе не беспадстаўная жорсткасьць сілавікоў, а тое, што жанчыны самі абіраюць, як распараджацца часам у дэкрэтным адпачынку.

«Дзяржава дае аплачаны дэкрэтны адпачынак не для таго, каб будучыя мамы наведвалі падобныя мерапрыемствы, а каб яны маглі клапаціцца пра сваё здароўе і здароўе сваіх дзяцей, займацца іх выхаваньнем і разьвіцьцём», — заявіў Петрышэнка. Таксама ён сказаў, што дзяржава будзе кантраляваць, каб жанчыны не выкарыстоўвалі дэкрэтныя выплаты для аплаты штрафаў, а выдаткоўвалі іх менавіта на ўтрыманьне дзяцей.

Я нават не хачу паглябляцца ў тэхнічныя дэталі і высоўваць гіпотэзы, як дзяржава будзе кантраляваць, на што ідуць грошы. Але рыторыка Петрышэнкі да болю нагадвае клясычнае мысьленьне былога мужа-агрэсара, які ўдзельнічае ў жыцьці свайго дзіцяці толькі мізэрнымі алімэнтамі і пры гэтым упэўнены, што былая жонка за ягоныя 40 даляраў на месяц возіць каханкаў на Мальдывы. А ён, альфа-самец, мае поўнае права патрабаваць справаздачу за кожную капейку, а ў ідэале і ўвогуле загадзя вырашаць, як жанчына будзе траціць алімэнты.

Раз за разам дзяржаўныя службоўцы паводзяць сябе з намі так, быццам мы ўсе разам — дысфункцыянальная сям’я, у якой яны — агрэсары, а мы — ахвяры. Прыкрываючыся нібыта добрымі намерамі, яны кантралююць кожны наш крок і паводзяцца так, быццам мы ня ў стане самастойна вырашаць, што лепш для нас саміх.

Дзяржава заяўляе сваё мітычнае права распараджацца целамі цяжарных жанчын, быццам мы жывём у сапраўднай антыўтопіі, дзе жанчыны — гэта жывыя інкубатары, якія існуюць толькі дзеля таго, каб стварыць больш рабоў для тырана. І служкі тырана дыктуюць жанчынам, куды хадзіць, як апранацца, што есьці, на што глядзець і пра што думаць.

Такое пазбаўленьне суб’ектнасьці выглядае яшчэ больш абсурдна ў нашай сытуацыі, дзе жанчыны сталі асобнай і вельмі асаблівай сілай пратэсту. Дзяржава быццам спрабуе з апошніх сіл учапіцца за нормы старога сьвету, дзе татальны кантроль над жанчынамі лічыўся цалкам натуральнай зьявай. Але гэтак жа сама, як і ў іншых пытаньнях, яна тут безнадзейна адстала ад рэалій сьвету.

Немагчыма сур’ёзна ўспрымаць прэтэнзіі, нібыта цяжарныя жанчыны не павінны хадзіць на мітынгі і шэсьці, калі ў гэтых жанчын няма аніякага іншага спосабу выказаць сваю пазыцыю. Нельга спасылацца на няпісаныя правілы зь мінулага, калі цалкам афіцыйныя цяперашнія законы не працуюць. Нельга апраўдваць сваю жорсткасьць у дачыненьні да маці быццам бы клопатам пра яе дзіця, калі менавіта дзяржаўная жорсткасьць ставіць пад пагрозу дзіцячую будучыню ва ўсіх сэнсах.

Петрышэнка пераймаецца, што жанчыны расходуюць дэкрэтныя выплаты на аплату штрафаў, але не задаецца пытаньнем, наколькі правамерныя гэтыя штрафы і як дзяржава ў гэты час распараджаецца падаткамі. Калі нашыя грошы ідуць на аплату нашых жа катаваньняў, існая дзяржаўная сыстэма раз і назаўсёды губляе права на любыя фінансавыя прэтэнзіі да нас.

Увогуле, намесьніку прэм’ера лепш было б проста маўчаць, але калі ўжо яму так карцела выказацца адносна сытуацыі, дарэчнымі былі б толькі словы выбачэньня перад затрыманай і справаздача перад усім народам, якія захады робяцца ў сілавых структурах, каб такое больш ніколі не паўтарылася.

Але ён пайшоў па звыклай сьцежцы — перакінуў адказнасьць з агрэсара на ахвяру. Мы гэта бачылі ня раз, мы і гэты закід перажывем. Але хай не спадзяецца, што мы хоць нешта забудзем і хоць нешта прабачым.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG