Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі разагналі пратэст каля стэлы. Людзі выйшлі ў розных раёнах Менску і ў іншых гарадах. Што адбываецца 23 верасьня

абноўлена

Раніцай 23 верасьня менчукі заўважылі незвычайную актыўнасьць каля менскага Палацу Незалежнасьці. Рух ад цырку ў бок Кастрычніцкай плошчы перакрыты.

00:20 24.9.2020

Па ўсёй Беларусі падчас акцый пратэсту 23 верасьня затрымалі больш за 200 чалавек

У сьпісе праваабаронцаў «Вясны» ўжо больш за 200 прозьвішчаў затрыманых падчас акцый пратэсту ў розных гарадах Беларусі пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі. Сьпіс дапаўняецца, у розных раёнах Менску і цяпер працягваюцца кропкавыя затрыманьні пратэстоўцаў.

00:18 24.9.2020

Менск: на Спартыўнай сілавікі разагналі пратэстоўцаў

Разганяць дэманстрантаў прыехаў аўтазак зь сілавікамі ў зялёным і некалькі машын ДАІ, паведамляе «Наша Ніва». Сілавікі кінуліся ў двары, куды пабеглі маладыя людзі. Трох чалавек затрымалі, але дваім удалося ўцячы. Затрыманых паставілі каля аўтазака, рукі на аўтазак, але яны адзін за адным ламануліся праз дарогу. Сілавікі не змаглі іх дагнаць.

00:03 24.9.2020

Толькі прэзыдэнт Туркмэністану сёньня павіншаваў Лукашэнку з уступленьнем на пасаду

Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з уступленьнем на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Афіцыйна пакуль толькі ён.

23:59 23.9.2020

Эўрадэпутат Аўштравічус: Інаўгурацыя Лукашэнкі — частка «сочынскага пляну»

Эўрадэпутат Пятрас Аўштравічус, дакладчык Эўрапарлямэнту па Беларусі, сказаў Deutsche Welle, што інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі — гэта частка дамоўленасьцяў паміж Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным падчас іх сустрэчы ў Сочы 14 верасьня.

«Я думаю, мы бачым рэалізацыю сочынскага пляну. Тое, пра што дамовіліся (у Сочы. — РС), да гэтага часу трымаюць у таямніцы ад нас. Толькі дзякуючы падтрымцы Пуціна Лукашэнка адважыўся пайсьці на інаўгурацыю, хоць народ яго адрынуў і ня лічыць легітымным», — адзначыў Аўштравічус.

Эўрадэпутат лічыць, што пасьля інаўгурацыі будуць зробленыя іншыя крокі з «сочынскага пляну», пра якія грамадзкасьць пакуль ня ведае. «Але тое, што гэтыя два чалавекі (Лукашэнка і Пуцін. — РС) вырашылі і цяпер рэалізуюць, — гэта не прынясе нічога добрага ні Беларусі, ні Эўропе. Гэта паставіць пад пагрозу існаваньне Беларусі, стабільнасьць у Эўропе і рэгіянальную бясьпеку», — дадаў Аўштравічус.

23:34 23.9.2020

Менск: выбухі ў Серабранцы

У менскі раён Серабранка прыехалі сілавікі, чуваць выбухі.

23:31 23.9.2020

Кіраўнік МЗС Канады: Лукашэнку не хапае легітымнасьці дэмакратычна абранага лідэра

«Канада асуджае неанансаваную інаўгурацыю Лукашэнкі пасьля сфальсыфікаваных выбараў. Яму не хапае легітымнасьці як дэмакратычна абранаму лідэру», — напісаў міністар замежных спраў Канады Франсуа-Філіп Шампань у Twitter.

Ён заявіў, што Канада заклікае да свабодных і справядлівых выбараў для народу Беларусі. «Мы ўзгадняем зь міжнароднымі партнэрамі належны адказ», — дадаў Шампань.

23:29 23.9.2020

ЗША не прызналі Лукашэнку законным прэзыдэнтам

ЗША заявілі сёньня, што ня лічаць Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі пасьля таго, як ён быў таемна інаўгураваны па выніках спрэчных выбараў. Дзярждэпартамэнт паўтарыў, што ня лічыць, што выбары ў Беларусі 9 жніўня былі свабоднымі і сумленнымі.

«Абвешчаныя вынікі былі фальшывымі і ня сьведчылі аб легітымнасьці, — заявіла прэсавая сакратарка дзярждэпартамэнту Морган Артагус. — Злучаныя Штаты ня могуць лічыць Аляксандра Лукашэнку законна абраным кіраўніком Беларусі».

23:17 23.9.2020

Украіна не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі — міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба


«Украіна ніколі ня ўмешвалася ва ўнутраныя справы Беларусі і заўсёды будзе падтрымліваць беларускі народ. Улічваючы ход выбарчай кампаніі і наступныя падзеі, сёньняшняя „інаўгурацыя” Аляксандра Лукашэнкі не азначае прызнаньня яго легітымным кіраўніком беларускай дзяржавы», — напісаў Дзьмітро Кулеба на сваёй афіцыйнай старонцы ў Twitter.

23:14 23.9.2020

23:08 23.9.2020

У Серабранцы дасюль перакрыты рух, пратэстоўцы не сыходзяць

22:43 23.9.2020

Супрацьстаяньне пратэстоўцаў і сілавікоў на Пушкінскай

22:35 23.9.2020

Менск: на Кальварыйскай паранены

На Кальварыйскай быў чуваць стрэл, на зямлі ляжыць чалавек, паведамляе Tut.by. Як расказала відавочца, яна чула стрэл, потым сілавікі кагосьці пацягнулі на дарогу, паклалі яго. Хвілін пяць над ім стаялі і як бы зацягнулі ў машыну. Ад стрэлу было шмат дыму.

Пазьней Тut.by удакладніў: на Кальварыйскай машына стукнулася ў слуп. Магчыма, гэта быў ня стрэл, а гук удару, а чалавек, які ляжыць, — пацярпелы ў аварыі.

22:29 23.9.2020

«Вясна» паведамляе пра больш як сотню затрыманых

У сьпісе затрыманых на акцыях пратэсту па ўсёй Беларусі, які складаюць праваабаронцы «Вясны», ужо болей за 100 чалавек. Сьпіс працягвае абнаўляцца.

22:24 23.9.2020

Менск: пратэстоўцаў на Нямізе разагналі

На Нямізе разагналі пратэстоўцаў. Дарожны рух адноўлены, пратэстоўцаў на дарозе няма.

22:20 23.9.2020

У Берасьці на акцыю пратэсту выйшлі больш за 300 чалавек, затрымана ня менш за 6

Больш за 300 чалавек у Берасьці ўзялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, затрымана ня менш за шэсьць чалавек, паведамляе БелаПАН.

Прыкладна ў 19.00 людзі пачалі зьбірацца на вуліцы Савецкай ля кінатэатру «Беларусь». Ад яго зь бел-чырвона-белымі сьцягамі ўдзельнікі калёнай прайшлі па вуліцы Будзённага і выйшлі на бульвар Касманаўтаў, дзе амапаўцы пачалі затрыманьні. Спачатку людзі разьбегліся, потым каля 20.00 зноў сабраліся каля кінатэатру «Беларусь» і прайшлі па некалькіх цэнтральных вуліцах гораду. На скрыжаваньні вуліцы Савецкай і праспэкту Машэрава сілавікі затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Прыкладна ў 21.30 удзельнікі акцыі сталі разыходзіцца.

22:14 23.9.2020

Менск: стрэлы паміж Каменнай Горкай і Кунцаўшчынай

Паміж Каменнай Горкай і Кунцаўшчынай чуваць стрэлы.

На Каменную Горку прыехала вялікая калёна сілавікоў, пабегла на дэманстрантаў. Людзі разьбегліся. На Каменнай Горцы трэці раз за вечар ужыты вадамёт. Працуюць унутраныя войскі, сілавікі імкнуцца ня даць людзям сабрацца, паведамляе «Наша Ніва».

22:04 23.9.2020

Менск: на Пушкінскай сутычка пратэстоўцаў зь сілавікамі

Тым часам на Каменнай Горцы зьявілася спэцтэхніка зь сілавікамі.

22:02 23.9.2020

Менск: стыхійныя акцыі ў розных раёнах гораду

21:58 23.9.2020

Менск: на Нямізе зноў перакрылі рух

Людзі заблякавалі машыны ДАІ на Нямізе.

21:41 23.9.2020

Менск: сілавікі прыехалі на плошчу Перамогі, людзі ўцяклі

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG