Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кватэры галоўнага рэдактара «Нашай нівы» і журналісткі Tut.by правялі ператрус. Ягор Марціновіч на допыце ў СК. ВІДЭА

абноўлена

Ягора Марціновіча забіраюць у Сьледчы камітэт

Журналістка Tut.by Адар’я Гуштын паведаміла пра ператрус за публікацыю, дзе «дыджэй перамен» Уладзіслаў Сакалоўскі кажа, што яго біў чалавек падобны на намесьніка кіраўніка МУС Аляксандра Барсукова.

Ператрус праходзіў у кватэры галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і ягонай жонкі Адарʼі Гуштын, якая працуе журналісткай Tut.by. Марціновіча прызналі падазраваным у крымінальнай справе, наступныя трое сутак ён правядзе ў ізалятары.

Абноўлена: ператрус скончыўся а 12-й гадзіне. З кватэры забралі кампутарную тэхніку, флэшкі, носьбіты інфармацыі. Марціновіча адвезьлі ў Сьледчы камітэт. Сярод забраных рэчаў відэакасэта з запісам ранішніку Адарʼі Гуштын у дзіцячым садку ў 1995 годзе, сказала Свабодзе Гуштын. Таксама ў Марціновіча забралі тры ануляваныя і пратэрмінаваныя пашпарты грамадзяніна Беларусі, якія той не здаваў у міліцыю.

Бліжэйшыя трое сутак Марціновіч правядзе ў ізалятары, яго абараняе адвакат Сяргей Іваноў.

«Яму прапануюць даць паказаньні паводле артыкулу 188 КК аб паклёпе. Нягледзячы на тое, што ў пастанове пра ператрус артыкул крымінальнага кодэксу не называецца, са слоў супрацоўнікаў унутраных спраў, якія праводзілі ператрус, мне вядома, крымінальную справу завялі менавіта па гэтым артыкуле», — сказаў адвакат Марціновіча Сяргей Іваноў.

Невядомы ў балаклаве каля кватэры Ягора Марціновіча і Адар'і Гуштын
Невядомы ў балаклаве каля кватэры Ягора Марціновіча і Адар'і Гуштын

Сувязь зь Ягорам Марціновічам зьнікла, калі ён пайшоў раніцай выгульваць сабаку. Марціновіч пасьпеў адправіць сваякам SOS-паведамленьне.

Як удакладніла Гуштын, завялі крымінальную справу паводле артыкулу 188 КК «Паклёп» — за артыкул «Нашай нівы», дзе сьцьвярджалася, што ў камэру да «дыджэя пераменаў» Уладзіслава Сакалоўскага на Акрэсьціна прыходзіў чалавек, падобны да намесьніка міністра ўнутраных спраў Аляксандра Барсукова. Апошняга прызналі пацярпелым у крымінальнай справе.

Вінаватым у паклёпе можа пагражаць да трох гадоў пазбаўленьня волі, сказаў Свабодзе адвакат Марціновіча.

Ператрус праводзіць упраўленьне ўласнай бясьпекі МУС. Марціновіч даваў ім раней тлумачэньні па сытуацыі з артыкулам пра Барсукова, 23 верасьня яны яго выклікалі на азнаямленьне з экспэртызай, але не далі нават даехаць да іх, напісала Гуштын.

Журналісты дзяжураць каля кватэры Ягора Марціновіча. Невядомыя ў балаклавах ўключылі ліхтарык, каб іх не здымалі
Журналісты дзяжураць каля кватэры Ягора Марціновіча. Невядомыя ў балаклавах ўключылі ліхтарык, каб іх не здымалі

Журналісты каля кватэры Ягора Марціновіча
Журналісты каля кватэры Ягора Марціновіча

Паводле інфармацыі Tut.by зь месца падзей, каля 10-й гадзіны ў кватэры знаходзіліся Марціновіч, Гуштын і некалькі сілавікоў. У Марціновіча спыталі, ці азнаёмлены ён з пастановай (меркавана пастановай на ператрус), пасьля гэтага дзьверы ў кватэру зачынілі.

Як распавёў Свабодзе брат Ягора Дзяніс Марціновіч, каля 9:30 яму прыйшло SOS-паведамленьне ад Ягора. Геалякацыя паведамленьня паказвала, што Ягора затрымалі побач з домам. Тэлефон Ягора не адказваў, Дзяніс прыехаў да кватэры брата. А 10-й раніцы каля кватэры стаялі Ягор Марціновіч і Адарʼя Гуштын, панятыя, суседзі. Дзяніса Марціновіча ў кватэру не пусьцілі, бо ён сваяк.

Ад 10-й да 12-й гадзіны ніхто зь людзей з кватэры не выходзіў, толькі Дзянісу Марціновічу вывелі сабаку Ягора і Адарʼі.

Каля кватэры Марціновіча і Гуштын стаяць два невядомых чалавека ў балаклавах, яны просяць журналістаў не здымаць, перадае карэспандэнт Свабоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG