Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пакінуў пад вартай каардынатарку «Вясны» Марфу Рабкову, якую прызналі палітзьняволенай


Марыя Рабкова, Каардынатарка валянтэрскай службы "Вясны"
Марыя Рабкова, Каардынатарка валянтэрскай службы "Вясны"

У судзе Партызанскага раёну Менску 22 верасьня разглядалася скарга каардынатаркі валянтэрскай службы Праваабарончага цэнтру «Вясна» Марфы Рабковай на прымяненьне меры стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту.

Як паведамляе «Вясна», судовае пасяджэньне па скарзе праходзіла ў закрытым рэжыме.

Судзьдзя Міхаіл Хома адмовіў у задавальненьні скаргі, пакінуўшы Марфу Рабкову пад вартай.

Увечары 17 верасьня, калі Марыя Рабкова і яе муж Вадзім Жаромскі вярталіся дадому, да іх пад’ехала некалькі мікрааўтобусаў. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) выйшлі з транспартных сродкаў і паклалі праваабаронцу і яе мужа тварам у асфальт.

Мужу і жонцы паведамілі, што яны затрыманыя ў рамках крымінальнай справы, заведзенай паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі за «навучаньне ці іншую падрыхтоўку асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках ці фінансаваньне такой дзейнасьці».

Хто такая Марфа Рабкова

«Вясна» паведамляе, што Марфа Рабкова зьяўляецца сябрам іх праваабарончага цэнтру, каардынатаркай валянтэрскай службы арганізацыі.

«У межах сваёй праваабарончай дзейнасьці Марфа, разам з валянтэрамі „Вясны“, ажыцьцяўляла назіраньне за правядзеньнем мірных сходаў, брала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назіраньня „Праваабаронцы за свабодныя выбары“, удзельнічала ў дакумэнтаваньні сьведчаньняў катаваньняў і іншых жорсткіх відаў абыходжаньня з затрыманымі ўдзельнікамі акцый пратэсту. Спробы абвінаваціць Марфу Рабкову ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў зьяўляюцца неабгрантаванымі, надуманымі і палітычна матыванымі», — заявіла «Вясна».

У арганізацыі зазначаюць, што на працягу ўсёй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі і пасля выбараў сябры рэгіянальных аддзяленняў ПЦ «Вясна» сутыкаліся зь ціскам і перасьледам з боку дзейнай улады: спробам крымінальнага перасьледу, адміністрацыйным арыштам і затрыманьням.

Перасьлед Марфы Рабковай у сувязі зь яе легітымнай праваабарончай дзейнасьцю арганізацыя расцэньвае як нічым не прыхаваную кампанію запалохваньня і ціску на ўсю арганізацыю ў цэлым.

«Мы заяўляем, што, нягледзячы на ўсе перашкоды і ціск, мы будзем працягваць сваю праваабрончую дзейнасць на карысьць усяго беларускага грамадзтва. Мы патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусь: неадкладна вызваліць з-пад варты праваабаронцу ПЦ „Вясна“ Марфу Рабкову і спыніць крымінальны перасьлед яе; спыніць усялякія спробы ціску і перасьледу ў дачыненьні да сяброў ПЦ „Вясна“ ды іншых беларускіх праваабаронцаў».

Марфу Рабкову 21 верасьня прызналі палітычнай зьняволенай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG