Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі беларусу за ўдзел у баях супраць Украіны на Данбасе пагражае 15 гадоў турмы


Ілюстрацыйнае фота

У судзе Прагі абвінавачваньне папрасіла прысудзіць да 15 гадоў пазбаўленьня волі і пажыцьцёвага выдварэньня з краіны грамадзяніна Беларусі, які мае від на жыхарства ў Чэхіі. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях супраць Украіны на Данбасе.

Падсудны Аляксандр Фадзееў адмаўляе сваю віну і заяўляе, што хацеў толькі дапамагчы людзям абараніцца ад «украінскіх фашыстаў», але сам не ўдзельнічаў у баях, паведамляе чэскае інфармацыйнае агенцтва ČTK. Адвакат просіць зьняць усе абвінавачваньні супраць свайго падабароннага, бо ён нібыта не зьдзяйсьняў крымінальнага злачынства.

Фадзеева абвінавачваюць паводле артыкула Крымінальнага кодэксу Чэхіі пра «тэракт», які можа прывесьці да пакараньня ад 12 да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

Цяпер Фадзееў знаходзіцца ў турме ў сувязі з асуджэньнем за іншае злачынства. Паводле абвінавачаньня, ён далучыўся да канфлікту на Данбасе з намерам актыўна падтрымліваць сэпаратысцкія групоўкі на ўсходзе Украіны, якія дамагаюцца аддзяленьня ад Украіны і стварэньня так званай «Данецкай народнай рэспублікі». Па словах пракуратуры, Фадзееў неаднаразова езьдзіў ва Ўкраіну з лістапада 2014 года па травень 2016 году.

Згодна з дакумэнтамі справы, Фадзееў атрымліваў зброю ў шэрагах групоўкі «ДНР» і прымаў удзел у розных ваенных місіях у складзе так званай «Рэспубліканскай гвардыі ДНР». Але ён ня толькі патруляваў, але і прымаў актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях супраць украінскіх войскаў, якія абараняюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, адзначылі ў пракуратуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG