Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сказалі, што сына ніхто не адбіраў». Праз два дні Алене Лазарчык вярнулі 6-гадовага сына Арцёма


Алена Лазарчык з сынам Арцёмам

Удзень 19 верасьня а 12-й гадзіне да сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру і прытулку Фрунзэнскага раёну Менску прыйшлі больш за сто чалавек. Людзі прынесьлі дзіцячыя цацкі і плякаты, выказваючы такім чынам нязгоду з органамі апякунства, якія накіравалі шасьцігадовага сына актывісткі «Эўрапейскай Беларусі» Алены Лазарчык у прытулак.

Нягледзячы на шматразовыя просьбы, дырэктарка прытулку да людзей ня выйшла. Цацкі для дзяцей забіраў вартаўнік, мэталічная брама цэнтру была закручаная ланцугом і зачыненая на вялікі навясны замок.

Сама Алена зьявілася ля прытулку каля 13-ай гадзіны. Ахова прапусьціла яе ўнутр пасьля непрацяглай паўзы. Прыкладна праз 30 хвілін актывістка выйшла адтуль з сынам Арцёмам.

«Са мной там амаль не гаварылі, — расказала яна Свабодзе. — Мы мірна пагаварылі з дырэктрысай, яна сапраўды па-людзку да мяне паставілася. Нічога дрэннага не гаварыла, усё добра. Яна сказала, што я магу забраць сына, што яго ніхто не адбіраў. Мы чакалі, пакуль сын паесьць, зьбярэцца, апранецца. Я запоўніла паперы, напісала заяву, што забіраю дзіця дадому. І ўсё. Чаму так адбылося? Ня ведаю. Магчыма, гэта было мэтанакіравана. Мяне ўжо арыштоўвалі (у ліпені 2020 году. — РС). Толькі тады я пасьпела пазваніць дачцэ, яна забірала малодшага сына. Магчыма, гэта такі ціск. Я ня ведаю».

У прытулак шасьцігадовы Арцём трапіў увечары 17 верасьня, калі а 18-й гадзіне яго не забрала са школы маці. З словаў Алены Лазарчык, яна не змагла гэтага зрабіць, бо знаходзілася ў РУУС, куды яе адвезьлі пасьля затрыманьня ля офісу незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна». Пошукамі сына яна занялася пасьля таго, як яе адтуль вызвалілі каля 23-й гадзіны. Арцём на той момант ужо быў у прытулку. Кіраўніцтва адмовілася аддаваць сына Алене безь неабходных дакумэнтаў — характарыстыкі зь месца працы, даведкі ад участковага, даведкі аб даходах, а таксама заключэньня камісіі з райвыканкаму.

Акрамя шасьцігадовага Арцёма, у Алены ёсьць яшчэ дарослыя сын і дачка, якія прыйшлі забіраць свайго брата з прытулку разам з маці. Актывістка кажа, што кіраўніцтва школы яе меншага сына мае кантакты дарослых дзяцей, але ніхто не спрабаваў зь імі зьвязацца, калі маці не прыйшла забіраць Арцёма са школы.

«З мужам я не разьведзеная, але мы не жывем разам, — таксама расказала Алена. — Сын сказаў, што яго прывозілі дадому пасьля школы ў чацьвер, але дома нікога не было, і яго адвезьлі сюды ў прытулак. Адчувае сябе добра цяпер».

Алена працуе ў ЖЭСе. У пятніцу 18 жніўня яна займалася зборам неабходных для вяртаньня Арцёма дакумэнтаў. Пабачыцца з сынам бязь іх жанчыне не дазволілі. Алена таксама пацьвердзіла, што ў мінулым была пазбаўленая бацькоўскіх правоў на старэйшага сына, аднак пазьней іх аднавілі.

«Я ўзяла сваю дачку на мітынг, яна там атрымала дубінкай, — расказала жанчына пра той выпадак. — Пасьля гэтага было расьсьледаваньне. Дачцэ тады было 6 ці 7 гадоў. Дачку я тады адстаяла, правоў мяне пазбавілі на сына».

Дырэктарка сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру з прытулкам Фрунзэнскага раёну Марына Станкевіч да журналістаў ня выйшла. Раніцай 19 жніўня ў размове з агенцтвам «Минск-Новости» яна паведаміла, што шасьцігадовага Арцёма ў прытулак накіравалі часова, а аддаць яго маці было немагчыма безь неабходных дакумэнтаў, бо яна ўжо была пазбаўленая бацькоўскіх правоў у мінулым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG