12 верасьня мэдыкаў Ангеліну Адамоніс і Валянціну Харытонаву затрымалі на жаночым маршы, а пазьней асудзілі кожную на 11 сутак, паведамляе «Эўрарадыё».
Ангеліна Адамоніс — цытагенэтык РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, спэцыяліст у галіне спадчынных захворваньняў і паталёгій.
«Яны павінны займацца лячэньнем дзяцей, а не сядзець у камэрах, — абураецца яе брат Аляксандар. — Іх затрымалі ў самым пачатку маршу. Яны падышлі ў раён станцыі мэтро „Грушаўка“ і праз 15 хвілін апынуліся ў аўтазаку. Дзяўчат акружылі сілавікі і сталі „выдзіраць“. Ангеліна сказала, што затрыманьне было грубым, але ў аўтазаку ня білі».
Пасьля затрыманьня Ангеліна і Валянціна правялі двое сутак у менскім ізалятары на завулку Акрэсьціна. 14 верасьня іх судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі 11 днямі адміністрацыйнага арышту. Затым перавезьлі зь Менску ў Жодзіна.
«Ангеліна падпісала пратакол. Валянціна не падпісала, выклікала адваката. Але абедзьвюм далі па 11 сутак. Я падаў скаргу на перагляд прысуду, папрасіў, каб у РНПЦ напісалі ад імя дырэктара хадайніцтва, што дзяўчаты працуюць у цэнтры, адзіным такім у краіне», — паведаміў Аляксандар Адамоніс.
Ангеліна і Валянціна павінны выйсьці з ізалятару 23 верасьня.