12 верасьня а 15-й гадзіне на плошчы Свабоды ў Менску пачаўся Жаночы марш. Аднак ужо напачатку сілавікі падагналі аўтазакі і сталі жорстка затрымліваць і разганяць удзельніц.
Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», агулам вядома больш як пра 30 затрыманых. У гэтым пераліку журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Макс Калітоўскі. Іх адвезьлі ў Кастрычніцкі РУУС, канфіскуюць тэхніку. Таксама схапілі Надзею Крапівіну са Свабоднага тэатру.
Некаторых удзельніц зьбівалі да крыві, калі яны спрабавалі сарваць зь міліцыянтаў балаклавы.
Пад гарачую руку траплялі і староньнія людзі. Так, кіроўца аўтамабіля спыніўся на вуліцы Багдановіча, каб прапусьціць калёну жанчын. Празь нейкі час пад’ехаў мікрааўтобус без нумароў, адтуль выбеглі невядомыя ў зялёнай форме без апазнавальных знакаў і ў балаклавах, выцягнулі кіроўцу і закінулі ў бус. Аўто засталося проста пасярод дарогі.
Нягледзячы на брутальныя затрыманьні, жанчыны перагрупаваліся, некалькі калёнаў сабраліся ў адну і рушылі па праспэкце Незалежнасьці ў бок Акадэміі навук.
У маршы бяруць удзел тысячы жанчын.