Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ семярых крымскіх татараў асудзілі на доўгія тэрміны


У Растове-на-Доне вайсковы суд прысудзіў працяглыя тэрміны зьняволеньня семярым крымскім татарам паводле абвінавачаньня ў арганізацыі дзейнасьці руху «Хізб ут-Тахрыр» і ўдзеле ў ім, а таксама паводле абвінавачаньня ў спробе гвалтоўнага захопу ўлады.

Марлену Асанаву прысудзілі 19 гадоў калёніі, Мемету Бялялаву — васямнаццаць, Цімуру Ібрагімаву — сямнаццаць, Сейрану Саліеву — шаснаццаць, Серверу Мустафаеву — чатырнаццаць, Эдэм Смаілаў і Сервер Зекір’яеў атрымалі па 13 гадоў зьняволеньня.

Працяглых тэрмінаў абвінавачаньне патрабавала «з улікам шматлікіх пазытыўных характарыстык» падсудных і «з улікам зьмякчальных абставінаў — шматдзетных сем’яў».

Пры гэтым упершыню з 2014 году па крымінальных справах, якія расейскія ўлады заводзілі на крымскіх татараў, аднаго абвінавачанага апраўдалі. Невінаватым прызналі Эрнеса Аметава, для якога пракуратура патрабавала 17 гадоў і 6 месяцаў калёніі. Украінскае выданьне «Грати» адзначае, што пра выхад Аметава з рэлігійнага руху «Хізб ут-Тахрыр» падчас суду казалі засакрэчаныя сьведкі абвінавачаньня.

Усе падсудныя былі жыхарамі крымскага гораду Бахчысарай. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» прызнаў іх палітычнымі вязьнямі.

  • Пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе больш за сто крымскіх татараў трапілі пад крымінальны перасьлед за ўдзел у рэлігійным руху «Хізб ут-Тахрыр». Дзясяткі зь іх асуджаныя на доўгія тэрміны зьняволеньня, астатнія чакаюць суду. У Расеі рух «Хізб ут-Тахрыр» забаронены з 2003 году. На тэрыторыі Ўкраіны і большасьці эўрапейскіх краін яго дзейнасьць законная. Сябры руху ні разу не былі заўважаныя ў падрыхтоўцы або ўчыненьні тэрактаў.
  • Многія крымскія татары лічаць, што перасьлед супраць іх — гэта помста расейскіх уладаў за непрызнаньне анэксіі. Таксама яны заяўляюць, што пераважная большасьць крымінальных спраў сфальсыфікаваныя, іх фігуранты ні ў якіх рухах ня ўдзельнічалі і злачынных плянаў ня мелі, часта крымінальныя справы аб тэрарызьме заводзілі на іх толькі на падставе знойдзенай у іх дома звычайнай рэлігійнай літаратуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG