Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальнік PandaDoc замарозіў праект па дапамозе сілавікам, які звольніліся з органаў


Мікіта Мікада
Мікіта Мікада

Заснавальнік кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада замарозіў ініцыятыву кампаніі Protect Belarus па дапамозе супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія страцілі працу, бо «адмовіліся выконваць злачынныя загады». Пра гэта ён сказаў у інтэрвію BBC.

Мікіта Мікада кажа, што прыняў рашэньне прыпыніць праект дапамогі сілавікам неўзабаве пасьля затрыманьняў сваіх супрацоўнікаў. Ён настойвае, што гэта было яго асабістым рашэньнем, прадыктаваным клопатам пра бясьпеку калегаў.

«Калі мэтай было спыніць дапамогу звольненым сілавікам, якую аказваў асабіста я, то так, — адказвае Мікіта на пытаньне, ці ня значыць гэта, што ўлада дасягнула сваіх мэтаў. — Я не хачу, каб яшчэ кагосьці, не датычнага да маёй ініцыятывы, пасадзілі ў турму».

Тым ня менш аб праведзенай працы ён не шкадуе:

«Я ня першы і не апошні, хто працягнуў руку дапамогі людзям. Мне вельмі цяжка. Але я думаю, што мне было б гэтаксама цяжка, калі б я нічога не рабіў».

Тым, хто цяпер шукае падтрымкі, Мікіта Мікада раіць зьвяртацца ў іншыя праекты падобнага напрамку.

Цяпер каманда Мікады імкнецца надаваць прававую дапамогу затрыманым супрацоўнікам PandaDoc, а таксама вядзе актыўную кампанію салідарнасьці ў сацсетках пад хэштэгам SavePandaDoc («захавайце PandaDoc»). «Мы імкнемся пераламаць сытуацыю і спрабуем дзейнічаць у прававым полі, хоць зразумела, што гэтая справа знаходзіцца за рамкамі прававога поля», — кажа Мікіта Мікада.

Чатырох супрацоўнікаў кампаніі PandaDoc — гэта галоўны бухгальтар Юлія Шардыка, дырэктар Дзьмітрый Рабцэвіч, дырэктар прадукту Віктар Куўшынаў і HR Уладзіслаў Міхалап — арыштавалі на два месяцы. Іх падазраюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 210 КК РБ). Іх абвінавачваюць у тым, што яны, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, завалодалі грашыма памерам каля 107 тысяч беларускіх рублёў зь бюджэту.

У самой кампаніі заявілі, што гэтае абвінавачаньне не адпавядае рэчаіснасьці, а ўся дзейнасьць фірмы вялася ў поўнай адпаведнасьці з заканадаўствам. У PandaDoc заявілі, што ўлады чыняць рэпрэсіі і ціск, каб спыніць ініцыятыву кампаніі Protect Belarus па дапамозе супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія страцілі працу, бо «адмовіліся выконваць злачынныя загады».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG