Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваё 100-годзьдзе Купалаўскі тэатар сустракае за зачыненымі дзьвярыма, дырэктар, рэжысэры і большасьць актораў звольненыя 


Салідарнасьць з купалаўцамі

Роўна 100 гадоў таму, 14 верасьня 1920-га, спэктаклем «Рысь» паводле аповесьці Элізы Ажэшкі ўрачыста адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар.

Ягоным знакамітым спадчыньнікам у далейшым стаў Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы.

Свае віншаваньні ў гонар галоўнай тэатральнай установы краіны запісалі экс-міністар культуры і яе былы дырэктар Павал Латушка, сьпявак Лявон Вольскі, прызэрка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя, гімнастка Меліціна Станюта, лідэр N.R.M. Піт Паўлаў, гурт KRIWI і ансамбаль «Песьняры».

Як піша Tut.by, гэтыя відэа — частка акцыі # купалаўскі100, у межах якой вядомыя людзі віншуюць тэатар са стагодзьдзем. Найепшыя віншаваньні з хэштэгам # купалаўскі100 зьявяцца ў телеграм-канале тэатру.

Для беларускай культуры Купалаўскі тэатар стаў легендарнай пляцоўкай. Менавіта ў гэтым будынку адбываліся падзеі, якія вызначылі жыцьцё Беларусі на доўгі тэрмін. Там праходзілі лёсавызначальныя паседжаньні — напрыклад, у 1917-м там адбыўся I Усебеларускі зьезд.

Пазьней там ставіліся легендарныя беларускія спэктаклі: «Паўлінка», «Тутэйшыя», «Пінская шляхта» ды іншыя. Акторы Стэфанія Станюта, Віктар Тарасаў, Глеб Глебаў, рэжысэры Еўсьцігней Міровіч, Леў Літвінаў, Валеры Раеўскі і дзесяткі іншых выдатных беларусаў пакінулі свой глыбокі сьлед у гісторыі беларускай культуры.

Стагодзьдзе Купалаўскі тэатар сьвяткуе з зачыненымі дзьвярыма. Больш за паўсотні яго супрацоўнікаў, а гэта большая частка трупы актораў і ўсе рэжысэры, напісалі заявы аб звальненьні, такім чынам падтрымаўшы свайго дырэктара Паўла Латушку. Пасьля таго, як ён выказаў сваю грамадзянскую пазыцыю, асудзіўшы фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і міліцэйскі гвалт, Міністэрства культуры скасавала зь ім кантракт.

У тэатры афіцыйна аб’яўлены трохмесячны прастой.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG