Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі тэатар адмяніў паказы ўсіх спэктакляў да канца лістапада


Зорка Купалаўскага Віктар Манаеў пакінуў тэатар (на фота ён у ролі Гараднічага ў спэктаклі "Рэвізор")

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы аб’явілі прастой на тры месяцы, усе спэктаклі адмененыя да сьнежня, паведамілі БелаПАН у прэс-службе ўстановы.

Там пацьвердзілі, што працягваюць звальняцца супрацоўнікі. У ліку апошніх — народныя артысты Беларусі Віктар Манаеў, Аляксандар Падабед, акторы Яўгенія Адаменка, Марта Голубева, Дзіяна Камінская, Мікалай Кучыц.

У канцы жніўня сышлі адразу 56 купалаўцаў, у тым ліку 36 актораў. Сярод іх вядучыя майстры сцэны Юлія Шпілеўская, Ігар Дзянісаў, Павал Харланчук-Южакоў, Зоя Белахвосьцік, Натальля Васільева-Качаткова, Алена Сідарава, Арнольд Памазан, Алег Гарбуз, Сьвятлана Анікей, Андрэй Кавальчук, Міхаіл Зуй, Раман Падаляка, а таксама рэжысэры, рэдактары, адміністратары, артысты аркестра, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі. Тэатар пакінуў і мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін.

Паводле прэс-службы, максымальна можна знаходзіцца на прастоі паўгода. Пасьля гэтага нічога не застанецца, як шукаць новага дырэктара, мастацкага кіраўніка і трупу.

Праблемы ў калектыву пачаліся ў сярэдзіне жніўня, калі супрацоўнікі разам са сваім гендырэктарам Паўлам Латушкам публічна асудзілі фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і свавольства сілавікоў. 17 жніўня Латушка быў звольнены. На знак салідарнасьці падначаленыя пачалі масава падаваць заявы аб сыходзе.

18 жніўня ў Купалаўскі тэатар, які ў верасьні меўся адзначыць 100-годзьдзе, прыехаў міністар культуры Юры Бондар. Ён не пагадзіўся, што Латушку звольнілі з палітычных матываў, і выказаў занепакоенасьць, як тэатр будзе працаваць у такой атмасфэры. У адказ яму заявілі, што новага сэзону ня будзе, і параілі падаць у адстаўку.

У той жа дзень выканаўцам абавязкаў дырэктара быў прызначаны першы намесьнік міністра культуры Валеры Грамада. На ягонае распараджэньне ў тэатры зьявіліся супрацоўнікі дэпартамэнта аховы. Купалаўцы расцанілі гэта як «захоп тэатра».

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Павал Латушка перайшоў «чырвоную рысу» і адкажа паводле закону. Экс-міністар культуры і дыплямат пасьля звальненьня з тэатру далучыўся да прэзыдыюму Кааардынацыйнай рады, яго ўжо выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG