Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея дае магчымасьць Лукашэнку ісьці на новы віток гвалту». Шэндэровіч на акцыі падтрымкі беларусаў


Пратэст каля беларускай амбасады ў Маскве
Пратэст каля беларускай амбасады ў Маскве

Акцыі падтрымкі беларускіх пратэстоўцаў 13 верасьня прайшлі і ў некаторых гарадах Расеі. На акцыю ў Маскве прыйшоў пісьменьнік і публіцыст Віктар Шэндэровіч, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».​

— Віктар, я заўважыў, што вы таксама беларус. Але вы ўжо даўно жывяце ў Расеі.

— Не-не, пра «беларус» — гэта дзядулі, бабулі зь Беларусі, зразумела, зь мястэчак. Не, я сёньня беларус у тым жа сэнсе, у якім у 2006 годзе мы выходзілі на Пушкінскую плошчу са значкамі «Я грузін», калі пачаліся агідныя дзеяньні ў дачыненьні да Грузіі. Ну, зразумела, мы можам даволі няшмат, але нельга дапусьціць, каб ад імя Расеі ў Беларусі бачылі толькі хамаў і нягоднікаў. Нас даволі шмат, людзей, якія адчуваюць тое, што адбываецца, як сорам, як ганьбу нашай краіны.

— Вы ўпэўненыя, што іх шмат у Расеі?

— Іх шмат, вядома. Пытаньне ў тым, што ў нас няма ніякай палітычнай арганізацыі, у нас няма магчымасьці, мы не прадстаўленыя ў тэлебачаньні, на радыё вялікім і гэтак далей. Але людзей нармальных даволі шмат, вядома.

А тое, што робіць сёньня Лукашэнка, гэта ўжо ператварылася ў зусім чорна-белы сьвет, вядома. Калі раней яшчэ можна было нейкія паўтоны шукаць, сёньня ніякіх паўтонаў, зразумела, няма. Тое, што пуцінская Расея, афіцыйная Расея чарговым разам беспамылкова выбірае і падтрымлівае забойцаў і тыранаў, і сьпіс нашых партнэраў — гэта сьпіс нягоднікаў, і паміж Алексіевіч і Лукашэнкам пуцінская Расея выбірае Лукашэнку, — вядома, гэта адчуваецца як ганьба. Я думаю, што кожны нармальны інтэлігентны расеец менавіта так гэта адчувае. І я прыйшоў сюды чарговым разам зьявіцца, убачыць добрыя твары і чарговым разам сказаць гэтак жа, як мы казалі ўкраінцам у 2014 годзе, што Расея не абмяжоўваецца Пуціным, Шайгу і Салаўёвым. Яна не абмяжоўваецца фэдэральнымі нягоднікамі. Гэта мільёны людзей, якія зусім па-іншаму гэта ўспрымаюць і ацэньваюць.

— Мільёны — гэта гучыць абнадзейліва. Таму што з эфіраў расейскіх фэдэральных каналаў мы, вядома, бачым іншае зусім.

— Ну, ведаеце, вось вы бераце ў мяне інтэрвію, і яго ўбачаць, яно можа абнадзеіць дзясяткі тысяч людзей. Але калі я сядзеў і казаў тое ж самае на канале НТВ, аўдыторыя была 80 мільёнаў. Нас маргіналізавалі і выціснулі са сродкаў масавай інфармацыі. Гэта доўгая гісторыя, але, тым ня менш, ня трэба падманваць сябе, і яны не павінны падманваць сябе вось гэтай аднастайнасьцю думак.

Гэта ўсё ня так важна, як тое, што менавіта Расея дае магчымасьць Лукашэнку ісьці на новы віток гвалту. Пуцінская Расея наўпрост адказвае за тую кроў, за тыя паскудзтвы, якія будзе рабіць Лукашэнка. Таму што бяз пуцінскай падтрымкі Лукашэнкі не існуе сёньня. І менавіта Пуцін дазваляе Лукашэнку адчуць сябе зноў у гульні. Расея нясе поўную адказнасьць за тое, што адбываецца ў Беларусі сёньня.

— Мне здалося, што нейкіх публічных заяваў з боку расейскіх вядомых людзей, акрамя апошняй заявы Людмілы Ўліцкай, калі яна адказала Алексіевіч, у цэлым не было з падтрымкай. Чаму?

— Я думаю, што гэта працяг мінулага пытаньня, мінулай тэмы. Велізарная колькасьць была гэтых тэкстаў, зваротаў у Фэйсбуку. Нас далей за Фэйсбук проста не выпускаюць нікуды. Ёсьць «Эхо Москвы», ёсьць Радыё Свабода, ёсьць «Настоящее время», ёсьць Фэйсбук. Натуральна, нас няма ў тэлебачаньні, натуральна, мы не прадстаўленыя ніяк у фэдэральных СМІ. Мы жывём у публічным сэнсе ў сваёй «бурбалцы». Ад нашага імя гаворыць Пуцін, ад нашага імя гавораць фэдэральныя каналы. І збольшага таму мы і прыходзім да амбасады, каб хоць неяк зафіксаваць, што Расея — гэта ня толькі Пуцін, Шайгу і Захарава, а нешта яшчэ іншае. Ну, напрыклад, мы ўсе. Нас даволі шмат. Калі пясочны гадзіньнік перакуліцца, а ён перакульваўся некалькі разоў на нашым жыцьці, мы раптам нечакана выявім, што нас шмат.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG