Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчына, якую на жаночым маршы прынялі за «ціхара» і сарвалі маску, расказала пра сябе


Тацяна, якую на жаночым маршы прынялі за супрацоўніка ў цывільным
Тацяна, якую на жаночым маршы прынялі за супрацоўніка ў цывільным

Падчас жаночага маршу 12 верасьня мітынгоўцы сарвалі маску з чалавека ў капюшоне і бэйсболцы, які ішоў побач з шэсьцем. Відэа інцыдэнту абляцела самыя папулярныя тэлеграм-каналы. «Ціхаром», як яго назвалі ў натоўпе, аказалася дзяўчына. Яна расказала Свабодзе, што ня мае дачыненьня да сілавых структур і апынулася на мітынгу выпадкова.

У раёне скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Казлова жанчыны з калёны атакавалі чалавека ў масцы і капюшоне, які ішоў побач з шэсьцем. Спачатку вэрбальна. «Пайшла прэч», «Гюльчатай, пакажы тварык», «Чаго ты баісіся?», «Позор» — гучала з натоўпу. Пасьля адразу некалькі чалавек сталі зьдзіраць зь яго капюшон, кепку і маску. Выявілася, што гэта дзяўчына.

Празь некалькі хвілін пасьля інцыдэнту чалавек у капюшоне і масцы даў інтэрвію журналістцы «Наша ніве». Ён апавядаў пра сябе ў мужчынскі родзе. Расказаў, што «проста гуляе», а на пытаньне, ці не баіцца затрыманьняў з боку людзей, апранутых, як ён сам, сказаў, што «свае сваіх не затрымліваюць». Пры гэтым успрыняў за абразу пытаньне «Значыць, вы ціхушнік?»

Свабода знайшла героя гэтага відэа. Ім аказалася 23-гадовая мянчанка Тацяна. Яна жыве непадалёк ад месца, дзе адбыўся канфлікт. Тацяна працуе адміністратарам у гатэлі, а ў вольны час займаецца адзінаборствамі. Мы размаўляем непадалёк ад месца здарэньня.

«Нейкі час назад на мяне напалі п’яныя, і бацька сказаў, што трэба навучыцца абараняць сябе. Я займаюся кікбоксінгам. Часам на трэніроўках атрымліваеш па твары, зьяўляюцца сінякі. Ня хочацца палохаць незнаёмых людзей такім выглядам. Таму часта хаджу ў такой вопратцы — байка з капюшонам, апошнія месяцы яшчэ і маска ад каранавірусу. Урэшце, як я апранаюся, гэта мая справа. Я нікому не замінаю», — расказала Тацяна.

Сваё зьяўленьне ў згаданым вобразе побач з калёнай пратэстоўцаў учора яна называе «няўдалым супадзеньнем».

«Не падумала, што тое, як я звычайна хаджу, выкліча такую рэакцыю, — кажа суразмоўца, апранутая ў тую ж самую байку, у якой была ўчора. Яна дастае з кішэні і дэманструе маску, якую носіць у месцах вялікага збору людзей. — Потым, калі мне ўжо прычапілі ярлык, я падумала, што нават калі сама здыму маску, людзей ужо ні ў чым не пераканаеш. Больш за тое — паўсюль трапіць маё фота, мяне будуць называць „ціхаром“, хоць я ня маю ніякага дачыненьня да сілавых структур».

Тацяна кажа, што яе дзеяньні былі абумоўленыя стрэсам і інстынктам самазахаваньня. «Таму я так нэрвова адрэагавала, калі чарговая дзяўчына з калёны паспрабавала пачала здымаць мяне проста ў твар. Я прашу прабачэньня, але падкрэсьлю, што не ўжывала сілы, баявых прыёмаў, якімі валодаю».

Чаму ў інтэрвію журналістцы яна расказвала пра сябе ў мужчынскі родзе? «Здуравала. Падумала, што раз мяне назвалі пацаном, то трэба падыграць. Папраўдзе, часу асэнсаваць, што здарылася, не было. Сытуацыя стрэсавая», — расказала Тацяна.

Дзяўчына кажа, што падтрымлівае пратэставы рух, патрабаваньні людзей да ўладаў, але сама ў мітынгах ня ўдзельнічала. Кажа, што яе моцна расчаравала, як агрэсіўна паводзілі сябе маніфэстанты, хоць і разумее, што да і пасьля гэтага былі жорсткія затрыманьні, якія абурылі людзей.

«Гэта ж мірны пратэст, стаўленьне яго ўдзельнікаў мусіць быць адпаведнае, больш талерантнае да каго б то ні было. Ніхто не застрахаваны ад сытуацыі, у якую трапіла я», — кажа Тацяна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG