Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас Жаночага маршу ў Менску байцы ў балаклавах затрымалі каля сотні жанчын

абноўлена

12 верасьня ў Менску праходзіць чарговая жаночая акцыя. Каля 15-й гадзіны некалькі тысяч жанчын сабраліся перад Ратушай. Запоўненая ўся пляцоўка.

Адна дзяўчына трымае плякат «Змагайся як Маша». Некалькі чалавек б’юць чарпакамі па накрыўках ад рондляў, ствараюць гучны шум. Міліцыянты папярэдзілі жанчын, што акцыя несанкцыянаваная.

Хутка на плошчу Свабоды пад’ехалі мікрааўтобусы з танаванымі шыбамі, пачаліся затрыманьні. Натоўп выгукае «Пайшлі прэч!». Жанчыны становяцца ў счэпкі, спрабуюць абараніць адна адну. Затрыманьні жорсткія.

На вачах карэспандэнта Свабоды жанчынам удалося адбараніць некалькіх сваіх паплечніц.

У некалькіх сілавікоў сарвалі балаклавы, жанчыны грукаюць у шыбы аўтобусаў, дзе знаходзяцца затрыманыя. Яны заблякавалі аўтобусы з захопленымі, крычаць «Выпускай!».

На вачах журналіста Свабоды сталую жанчыну правалаклі па зямлі. Пад’ехалі 9 мікрааўтобусаў і адзін аўтобус, яны заехалі на саму плошчу Свабоды. Жанчын затрымліваюць у бліжэйшых кавярнях, цягнуць па зямлі.

Жанчыны крычаць «Нас душаць! Ганьба!». Спрабавалі схапіць Ніну Багінскую, але жанчыны яе адбілі. Удзельніцы Маршу пакуль разышліся вакол плошчы Свабоды.

Некалькі соцень жанчын сілавікі заблякавалі каля рэстарацыі «Гамбрынус». Журналістаў адагналі. На плошчу Свабоды заехалі 5 аўтазакаў. Людзі крычаць «Фашысты!», не даюць ім праехаць.

У 15.20 зачыстка на плошчы Свабоды амаль скончылася. Частка жанчын змагла ўцячы. Мяркуецца, што затрыманыя сотні жанчын. Сілавікі некаторы час працягвалі шукаць жанчын у дварах, журналістаў адціснулі з плошчы.

Плошчу зачысьцілі, аўтазакі зьехалі. Багінская стала перад аўтазакам, спрабавала не прапусьціць, але міліцыянты адштурхнулі яе ўбок. Дзясяткі жанчын засталіся на плошчы.

Журналістаў «Белсату», якія вялі стрым, затрымалі ў жывым эфіры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG