Лінкі ўнівэрсальнага доступу

S&P спрагназавала пагаршэньне стану эканомікі Беларусі


Міжнароднае агенцтва S&P зьмяніла прагноз будучыні крэдытнага рэйтынгу Беларусі з «стабільнага» на «нэгатыўны», паведамляе РБК.

Самі рэйтынгі, доўгатэрміновы і кароткатэрміновы, засталіся на ранейшым узроўні B/B.

У агенцтве прычынай пагаршэньня прагнозу назвалі сытуацыю пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Укладнікі пачалі пасьпешліва пераводзіць уклады ў замежную валюту, што прывяло да зьніжэньня кошту беларускага рубля і, у выніку, росту дзяржаўнай запазычанасьці, бо яна на 95% у замежнай валюце.

«Усё гэта можа прывесьці да вычэрпваньня наяўных рэзэрваў цэнтральнага банку Беларусі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Аналітыкі агенцтва думаюць, што няпэўнасьць пасьля «спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў» можа працягнуцца. «Гэта, у сваю чаргу, можа паўплываць на эканамічны рост Беларусі і яе здольнасьць атрымаць доступ да іншаземных рынкаў капіталу ў наступныя 12–18 месяцаў».

У S&P дапусьцілі магчымую няўдачу перамоваў з Масквой, бо Менск можа адмовіцца пайсьці на палітычныя саступкі.

Паводле самага нэгатыўнага сцэнару, улады вычарпаюць валютныя рэзэрвы і абмяжуюць доступ да замежнай валюты.

Раней S&P заявілі, што рэакцыя ўладаў Беларусі на пратэсты ў краіне павышае магчымасьць міжнародных санкцыяў, што таксама можа зьнізіць давер інвэстараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG