Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзень да манэўраў «Славянскае братэрства 2020» у Беларусі Сэрбія адмовілася ў іх удзельнічаць


Каманда сэрбскіх снайпэраў

На сэсіі ў сераду, 9 верасьня, урад Рэспублікі Сэрбія прыняў рашэньне аб прыпыненьні ўсіх вайсковых вучэньняў і ўсіх вайсковых мерапрыемстваў з усімі партнэрамі ў бліжэйшае паўгодзьдзе.

На сэсіі ў сераду, 9 верасьня, урад Рэспублікі Сэрбія прыняў рашэньне аб прыпыненьні ўсіх вайсковых вучэньняў і ўсіх вайсковых мерапрыемстваў з усімі партнэрамі ў бліжэйшае паўгодзьдзе.

Пасьля пасяджэньня ўраду міністар абароны Аляксандар Вулін заявіў, што Сэрбія знаходзіцца пад жахлівым і незаслужаным ціскам Эўразьвязу.

«Нас просяць адмовіцца ад заплянаваных вайсковых вучэньняў зь Беларусьсю пад пагрозай разьвітаньня з нашай эўрапейскай будучыняй, яшчэ большага ціску на нашу палітыку і на нашых людзей у Косаве і Мэтохіі і Рэспубліцы Сэрбскай [у складзе Босьніі і Герцагавіны. — РС]», — падае словы Вуліна Міністэрства абароны.

Тым часам Беларусь не атрымлівала ад Сэрбіі ніякіх апавяшчэньняў аб адмове ўдзельнічаць у супольных расейска-беларуска-сэрбскіх вучэньнях.

«Ніякіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі аб адмове Сэрбіі ўдзельнічаць у супольных вучэньнях, мы не атрымлівалі», — паведаміў агенцтву ТАСС прадстаўнік прэс-службы ведамства Ігар Грамяшкевіч.

Напярэдадні Міністэрства абароны Беларусі апублікавала ў сацыяльнай сетцы Telegram інфармацыю, што вайсковыя вучэньні «Славянскае братэрства 2020», у якіх удзельнічаюць узброеныя сілы Расеі, Беларусі і Сэрбіі, пройдуць у верасьні ў Беларусі.

У той інфармацыі паведамлялася, што вучэньні пад камандаваньнем Узброеных сілаў Беларусі пройдуць на палігоне ў Берасьці, прыбыцьцё ўдзельнікаў чакаецца ад 10 да 15 верасьня.

«Бліжэйшым часам мы ня будзем удзельнічаць у якіх-небудзь вучэньнях і вайсковых мерапрыемствах ні з NATO, ні з АДКБ, Расеяй, ЗША, Кітаем, Эўрапейскім Зьвязам, Усходам і Захадам. Наш удзел у міратворчых апэрацыях будзе асобна разгледжаны і пры неабходнасьці прыпынены», — сказаў Вулін.

Ён заявіў, што Сэрбія — нэўтральная ў ваенным сэнсе краіна.

«Каб захаваць пазыцыі ваеннага нэўтралітэту, пазьбегнуць або хоць бы зьменшыць наступствы ўзмоцненых нападаў на нашу краіну, нашу палітыку і эканоміку, урад Рэспублікі Сэрбія прыняў рашэньне спыніць усе вайсковыя вучэньні і ўсе мерапрыемствы з усімі бяз розьніцы партнэрамі ў найбліжэйшыя шэсьць месяцаў», — сказаў Вулін.

Да рашэньня ўраду Сэрбіі Міністэрства абароны не абвяшчала і не адказвала на запыты Радыё Свабодная Эўропа адносна заяўленага ўдзелу ў вайсковых вучэньнях у Беларусі.

З гэтай нагоды Паўднёваславянская служба Радыё Свабодная Эўропа таксама зьвярнулася ў Міністэрства замежных справаў Сэрбіі.

Калегі з Паўднёваславянскай службы не атрымалі таксама адказу на пытаньне, ці праводзіліся кансультацыі зь міністэрствам у сувязі з выездам вайскоўцаў сэрбскай арміі ў Беларусь, якая застаецца ў стане палітычнага крызісу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG