Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замак на Гарадзішчы і мэмарыяльная шыльда на доме Быкава


Сядзіба-музэй «Стары Менск»
Сядзіба-музэй «Стары Менск»

Учора, 7 верасьня, упершыню за апошні месяц сустрэла чалавека, які не гаварыў пра пратэсты, колькасьць зьняволеных, зьнявечаных і закатаваных.

Пакуль мы ехалі ў ягоную вёску, ён не тырчэў у тэлеграм-канале і не паведамляў спадарожнікам апошнія навіны зь пярэдняй лініі фронту, не абураўся жорсткасьцю сілавікоў і не камэнтаваў новыя прыклады тупасьці іхніх начальнікаў. Ня тое каб яго абыходзілі бокам балючыя падзеі. Каго заўгодна можна зьвінаваціць у староньнім стаўленьні да злобы дня, толькі не яго. Але яшчэ з часоў ліцэйскага дзяцінства вырашыў зьмяняць стан рэчаў іншым чынам. Таму нават у аўто побач зь сябрамі працаваў.

Спачатку кіраваў касьбой. Даваў каардынаты нябачнаму нам чалавеку з трымэрам у руках, дзе, у якім канкрэтна месцы трэба, каб трава была збрытая пад корань, бо «ў суботу туды прыедуць зусім малыя дзеці, і яны ня мусяць парасіць свае ножкі ці, крый божа, заблытацца ў высокіх зёлках». Азірнуўшыся да нас, патлумачыў: «На Дзень афіцыйнага сьвяткаваньня даты ўзьнікненьня Менску да нас просяцца на экскурсію вельмі шмат школьнікаў».

Разабраўшыся з пакосам, стаў казаць па тэлефоне, найперш якія размытыя залевамі сьцяжыны трэба падсыпаць гравіем: «Бо ж увага малечы павінна быць засяроджаная на гістарычным краявідзе, а не на лужынах на шляху да замку».

А тады перайшоў да сьметніц. Абмяркоўваў зь нейкім візаві адпаведны месцу іхны дызайн, аб’ём, частату ўстаноўкі, колькасьць...

Хтосьці з прысутных у аўто нясьмела пацікавіўся, колькі ўсе гэтыя «дробязі» каштуюць і дзе ён бярэ на іх грошы. «Нідзе і ніколькі. Вакол нас так шмат людзей, якім неабыякава, на якой зямлі яны жывуць, што проста дзіву даюся, як яны да мяне не заняліся тым, аб чым мы цяпер разам зь імі клапоцімся».

Але, на жаль, і абмежаваных хапае, — дадаў ён. І расказаў, як летась на адным літаратурным сьвяце да яго падышла вушацкая чыноўніца, пахваліла ягоныя ініцыятывы ды папрасіла абвясьціць збор сродкаў на... плот. Так, на самы звычайны драўляны плот, які трэба паставіць вакол роднае хаты знакамітага пісьменьніка-земляка, бо ранейшы згніў.

«Я кажу ёй, што няўжо ў лясным краі раённае начальства ня можа знайсьці сто дошак на агароджу хаты таго, дзякуючы каму пра іхняе мястэчка вядома далёка за межамі краіны? Сьмеху варта абвяшчаць на гэта агульнанацыянальны збор сродкаў. Давайце лепей помнік яму тут паставім. Яму і ягонаму знакамітаму сябру — паэту, таксама вашаму земляку. Вось на гэта мы кінем кліч да грамады. Так-так, абвяшчайце, паставім. Э, не, — кажу я. Спачатку рашэньне раённае ўлады, а потым — народнае фінансаваньне. І што вы думаеце? Год рашалі, і вось літаральна пару гадзін таму прыслалі адпаведную паперу зь пячаткай. Так што зараз выкладу абвестку ў інтэрнэт».

Пакуль ён распавядаў, мы прыехалі. Залева крыху аціхла, але зь неба ўсё яшчэ шчодра і часта сыпалася восеньская макрэча. Таму на пракаветныя валы ісьці вырашылі пачакаць, а засяродзіліся на экспазыцыі музэю «Стары Менск».

«Вось гэта кераміка з трызубцам. Чый герб?» — па-настаўніцку спытаўся ён. Мы ведалі — Усяслава.

«А гэта пантофлікі ягонай жонкі. А гэта падвескі для фрызураў ягоных дачок і ўнучак, якія бегалі вунь па тых узгорках. А гэта — конь. Шахматная фігура Х стагодзьдзя. Тут таксама знойдзена археолягамі. Уяўляеце, пакуль у іх там — ён паказаў рукой на ўсход — жабы квакалі, у нас тут у замку ў шахматы гулялі!»

Экспазыцыя музэю ў паўтысячы экспанатаў і тон расповеду ягонага стваральніка не пакідалі сумневаў у гістарычнай велічы месца, куды мы прыехалі. Дождж урэшце аціх, і мы пайшлі па падсыпаных сьвежым гравіем сьцежках да вяршыні замчышча, вакол якога віюцца стужкі Менкі і Дуная. Энэргетыка на версе насыпу, дзе быў княскі замак, такая, што здаецца — зараз узьляцім. Ня дзіва, што менавіта тут дзесяць стагодзьдзяў таму Ўсяслаў Чарадзей абраў месца для свайго гораду, які шмат пазьней перабярэцца на берагі Нямігі.

Экспазыцыя сядзібы-музэю «Стары Менск». Фота з афіцыйнай старонкі музэя ў Фэйсбуку
Экспазыцыя сядзібы-музэю «Стары Менск». Фота з афіцыйнай старонкі музэя ў Фэйсбуку

Усяслаў Чарадзей запачаткаваў горад на Менцы, а ягоны нашчадак Глеб Лабадзенка аднавіў памяць пра справы вялікага князя. Замак на Гарадзішчы ці, дакладней, мэмарыялізацыя таго, што ад яго і ваколіцаў ацалела, паўстаў зь небыцьця за пару гадоў рупнай працы ўлюбёнага ў сваю радзіму маладога менчука. Ён тут жыве і кажа, што прачнуцца ранкам у пакоі зь відам на пракаветныя валы, якія памятаюць Усяслава, — для яго найвялікшае шчасьце. Таму стварыў тут невялікі гатэльчык, каб і іншыя змаглі аднойчы ўраньні выпіць кавы ў кампаніі зь легендарным князем.

Глеб сваім неверагодным запалам захоплівае незьлічоную колькасьць людзей вакол сябе. Пакуль мы дзіваваліся на гістарычныя краявіды, ён атрымаў дзясяткі паведамленьняў пра ахвочых зрабіць свой унёсак у скарбонку ахвяраваньняў на помнікі, што маюць паўстаць за 200 кілямэтраў ад Гарадзішча. Блакітныя вочы Глеба сьвяціліся ўпэўненасьцю, што яны будуць вартыя тых славутых ураджэнцаў Вушаччыны, каго ён лічыць прарокамі.

Вечарэла. Мы разьвітваліся. «А заўтра нешта яшчэ вельмі важнае будзе», — таямніча ўсьміхнуўся ён. Ніякія ўгаворы не дапамаглі — ён не запабег наперад падзеі.

Учорашняе заўтра стала сёньнем. Падвечар 8 верасьня на доме, дзе жыў вялікі беларус Васіль Быкаў, зьявілася мэмарыяльная шыльда. Яна доўга чакала афіцыйнага дазволу ўладаў. Нарэшце ён атрыманы. На сьціплай (часы такія) цырымоніі адкрыцьця быў аўтар Ігар Засімовіч і яшчэ некалькі асобаў. А мэнэджар нацыянальных культурніцкіх праектаў Глеб Лабадзенка быў ужо ўвесь адданы новаму клопату — як найхутчэй зрабіць і ўсталяваць у Вушачах помнікі Быкаву і Барадуліну.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG