Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каляровыя рэвалюцыі, тэрарызм, наркатрафік». Міністар абароны Хрэнін пералічыў пагрозы Беларусі


Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін.

Пэўныя сілы на Захадзе пераходзяць да гібрыднай вайны супраць беларускай дзяржавы, заявіў міністар абароны Віктар Хрэнін, выступаючы ў Маскве на сумесным паседжаньні кіраўнікоў вайсковых ведамстваў краін СНД, АДКБ і ШАС.

Сярод асноўных фактараў, якія нэгатыўна ўплываюць на стан «сучаснай архітэктуры міжнароднай бясьпекі», ён акцэнтаваўся на спробах «каляровых рэвалюцый», тэрарызьме, наркатрафіку і арганізаванай злачыннасьці.

На думку Хрэніна, розныя «дэструктыўныя сілы, якія падаграваліся кіраўніцтвам Польшчы, Літвы, Чэхіі і Ўкраіны», учынілі спробу неканстытуцыйнай зьмены ўлады. Ён перакананы, што ўратаваць краіну «ад беззаконьня і самаўпраўнасьці» ўдалося дзякуючы зладжаным дзеяньням органаў дзяржаўнага кіраваньня і «падтрымцы беларускім народам рашэньняў прэзыдэнта».

Хрэнін выказаў словы ўдзячнасьці «вайскова-палітычнаму кіраўніцтву Расеі і Кітая, а таксама дзяржавам, якія аказалі дапамогу Беларусі ў няпросты для яе час».

Міністар абароны заявіў, што цяпер пэўныя сілы на Захадзе, пацярпеўшы няўдачу ў спробе арганізацыі «каляровай рэвалюцыі», пераходзяць да формаў і мэтадаў гібрыднай вайны супраць беларускай дзяржавы, ужываючы пры гэтым беспрэцэдэнтныя меры дыпляматычнага і палітыка-эканамічнага ціску. У прыватнасьці, ідзе жорсткая барацьба за інфармацыйную перавагу.

Акрамя таго, па словах Хрэніна, за апошнія гады ратацый групоўка НАТО ў суседніх краінах вырасла ў 17 разоў і ўзрасла да 10 тысяч вайскоўцаў. У непасрэднай блізкасьці ад мяжы Беларусі ажыцьцяўляецца канцэнтрацыя баявой тэхнікі і асабовага складу, у тым ліку арміі ЗША, а таксама праходзяць буйнамаштабныя шматнацыянальныя вучэньні краін-чальцоў альянсу.

Беларусі нічога не застаецца, як выпрацоўваць у адказ захады вайсковага характару — што і было прадэманстравана ў ходзе вучэньняў ля межаў з НАТО сёлета ў жніўні, падсумаваў кіраўнік Мінабароны Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG