Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі 3 верасьня затрымалі звыш 10 чалавек, — «Вясна»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Трэцяга верасьня ў Беларусі працягваюцца лякальныя затрыманьні ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

  • Каля амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Менску міліцыянты затрымалі Валянціну Голубеву. Выкладчыца ангельскай мовы, якая раней працавала ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным унівэрсытэце, выйшла да амбасады на адзіночны пікет з плякатам «Найлепшая дапамога РФ — не падтрымліваць дыктатара». Цяпер сын Голубевай разам з адвакаткай шукаюць, у каторае РУУС яе павезьлі.
  • Падчас акцыі журналістаў каля Міністэрства ўнутраных справаў затрымалі фатографа Tut.by Зьмітра Брушка. Яго завезьлі ў Кастрычніцкае РУУС, дзе раней трымалі схопленых падчас студэнцкай акцыі журналістаў. Празь некалькі гадзінаў Брушка адпусьцілі. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства, ён нібыта штурхнуў супрацоўніка міліцыі, паведамляе Tut.by.
  • Таксама сёньня ў Менску затрымалі Аляксея Лазаркевіча і Паўла Касьпяровіча (абгарнуўся сьцягам), іх павезьлі ў Першамайскае РУУС.
  • Каля Палацу чыгуначнікаў на вуліцы Чкалава затрымалі Ніну Бялінскую разам з хлопцам, у іх у руках быў бел-чырвона-белы сьцяг.
  • Увечары на Лагойскім тракце затрымалі некалькі чалавек, якія стаялі ў «ланцугу салідарнасьці». Вядома прынамсі пра трох затрыманых: гэта Яўгенія Верамейчык, Багдан Маліноўскі і Аляксей (прозьвішча пакуль невядомае). Паводле сьведкаў, пры затрыманьні Аляксея каля гандлёвага цэнтру «Норд Сіці» распылілі пярцовы газ яму ў твар. Хутчэй за ўсё, затрыманых павезьлі ў РУУС Савецкага раёну.
  • На плошчы Незалежнасьці затрымалі Аляксандру Абрамчык.
  • Затрымалі Ганну і Сяргея Абрамянковых, іх даставілі ў Першамайскае РУУС, Ганну неўзабаве адпусьцілі, а Сяргея завезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна.
  • У межах крымінальнай справы днём у Менску затрымалі Ўладзімера Палягенькага. Дома ў яго прайшоў ператрус, мужчыну забралі на допыт у Сьледчы камітэт.
  • У Магілёве затрымалі Віталя Шаталава, які раней ужо быў затрыманы і пабіты. Ён ішоў у Сьледчы камітэт, бо раней ён падаў туды заяву на завядзеньне крымінальнай справы супраць міліцыянтаў за пабіцьцё. Там яго затрымалі супрацоўнікі АМАП і адвезьлі, як мяркуецца, у Ленінскі РАУС.
  • У Гомлі днём перастала выходзіць на сувязь журналістка Ларыса Шчыракова. Яе сябры і калегі забілі трывогу і пачалі яе шукаць. Выявілася, што журналістка цяпер знаходзіцца ў гомельскім ізалятары часовага ўтрыманьня.Дзяжурны гомельскага ізалятару адмовіўся казаць, зь якой прычыны затрымалі журналістку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG