Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рабілі сваю працу — апынуліся на Акрэсьціна». Кіраўнік МУС Караеў ня выйшаў да журналістаў. Яны пайшлі з плякатамі па горадзе. ФОТА

абноўлена

Журналісты каля Міністэрства ўнутраных справаў
Журналісты каля Міністэрства ўнутраных справаў

Увечары 3 верасьня каля 50 журналістаў незалежных СМІ сабраліся ля будынку Міністэрства ўнутраных справаў, патрабуючы сустрэчы з кіраўніком ведамства Юрыем Караевым.​ Больш за двое содняў у няволі трымаюць шасьцёх журналістаў Tut.by, БелаПАН і «Комсомольской правды в Беларуси», вінавацячы ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Як паведаміла генэральная дырэктарка «Тут Бай Мэдыя» Людміла Чэкіна, ані міністар Караеў, ані іншыя афіцыйныя асобы на размову з журналістамі ня выйшлі. Ім адказалі, што пры затрыманьні журналістаў падчас студэнцкага пратэсту 1 верасьня парушэньня заканадаўства не было. У выпадку нязгоды прапанавалі зьвяртацца ў пракуратуру.

«Прэса — гэта сьвятое. Юры Караеў», «Свабоду журналістам», «Рабілі сваю працу — апынуліся на Акрэсьціна» — з такімі плякатамі прысутныя журналісты Tut.by, «Онлайнеру», «БелаПАН», «Нашай нівы» і іншых мэдыя сталі насупраць будынку МУС.

Каля 18:17 невядомыя затрымалі і зьвезьлі фотакарэспандэнта Tut.by Зьмітра Брушка. Яго завезьлі ў Кастрычніцкае РУУС, дзе раней утрымлівалі схопленых падчас студэнцкай акцыі журналістаў.

Міліцыя папрасіла журналістаў сысьці з пляцоўкі насупраць міністэрства, паведаміўшы, што гэта «рэжымны аб’ект».

50 чалавек з плякатамі сталі на скрыжаваньні вуліц Гарадзкі Вал і Нямігі.

Пасьля журналісты рушылі праз цэнтар гораду да Міністэрства інфармацыі.

А пасьля да РУУС Кастрычніцкага раёну, дзе цяпер знаходзіцца затрыманы фатограф Tut.by Зьміцер Брушко.

Каля 19.30 журналісты прыйшлі да РУУС Кастрычніцкага раёну. Яны прымацавалі плякаты да плоту ля ўваходу ў РУУС.

Дзяжурны міліцыянт паведаміў, што Зьмітра Брушка «неўзабаве выпусьцяць». Журналісты засталіся чакаць вызваленьня калегі.

Прыкладна ў 20.17 З. Брушка адпусьцілі. На яго склалі пратакол за дробнае хуліганства, ён нібыта штурхнуў супрацоўніка міліцыі, паведамляе Tut.by.

«У тым натоўпе, дзе я быў, кагосьці зачапіў. Я ня ведаў, што гэта супрацоўнік міліцыі. Ён паводзіў сябе дзіўна, здымаў усё на тэлефон. Было цесна. Штурхнуў яго выпадкова, каб не штурхнуць цяжарную дзяўчыну-супрацоўніцу. Мяне забралі ў машыну. Адэкватна ставіліся. Склалі пратакол за дробнае хуліганства», — расказаў Зьміцер Брушко.

Так журналістаў віталі мясцовыя жыхары: з гаўбца аднаго з дамоў побач з РУУС нехта махаў ім бел-чырвона-белым сьцягам на знак салідарнасьці.

Што з затрыманымі журналістамі

Журналістаў Tut.by Надзею Калініну і Аляксея Суднікава, «Комсомольской правды в Беларуси» Мікіту Недаверкава, Сяргея Шчогалева і Марыю Эляшэвіч, а таксама Андрэя Шаўлюгу зь БелаПАН затрымалі 1 верасьня каля 17.00 каля стадыёну «Дынама» і даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёну, як ім было заяўлена, «для праверкі дакумэнтаў».

Журналісты выконвалі прафэсійныя абавязкі і асьвятлялі студэнцкую акцыю пратэсту, якая праходзіла ў Менску. Рэпартэры былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на сьпіне. Акрамя таго, у іх былі бэджы з фота і назвай выданьня, якое яны рэпрэзэнтуюць.

На ўсіх склалі пратаколы паводле артыкулу 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў») ​за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Гэты артыкул прадугледжвае кару ў выглядзе штрафу ці адміністрацыйнага арышту.

2 верасьня справы журналістаў адправілі «на дапрацоўку», а саміх журналістаў з Кастрычніцкага РУУС перавезьлі ў ізалятар на Акрэсьціна. 3 верасьня суд Кастрычніцкага раёну Менску іхныя справы не разглядаў.

Старшыня БАЖ: «Генэральная лінія» абмежаваньня распаўсюджваньня непадцэнзурнай інфармацыі

На думку старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і сябра Каардынацыйнай рады Андрэя Бастунца, затрыманьні журналістаў незалежных СМІ (якіх толькі за жнівень БАЖ зафіксавала больш за 150) «абсалютна ўпісваюцца ў „генэральную лінію“ абмежаваньня распаўсюджваньня непадцэнзурнай інфармацыі»:

  • фактычнае адключэньне інтэрнэту на 3 дні ў «IT-краіне» (што ўжо прывяло і яшчэ прывядзе да пераезду многіх IT-кампаніящ за межы Беларусі)
  • блякаваньне сайтаў, якія незалежна асьвятлялі палітычную сытуацыю,
  • негалосную забарону на друк і распаўсюд у Беларусі некалькіх нацыянальных друкаваных выданьняў («Комсомольская правда в Беларуси», «Народная воля», «Белгазета», «Свободные новости плюс»),
  • адмова ў акрэдытацыі замежным карэспандэнтам і беспадстаўнае пазбаўленьне пастаяннай акрэдытацыі двух дзясяткаў журналістаў замежных СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG