Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка абмеркаваў у Польшчы магчымае пасярэдніцтва Эўразьвязу для выхаду з крызісу ў Беларусі


Павал Латушка
Павал Латушка

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павел Латушка абмеркаваў з кіраўніцтвам Польшчы магчымае пасярэдніцтва Эўразьвязу ў вырашэньні палітычнага крызісу ў Беларусі.

Як паведаміў Павал Латушка ў сваім тэлеграм-канале, 2 і 3 верасьня ён сустрэўся ў Польшчы з прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай галін улады краіны, уключаючы кіраўніка апарату прэзыдэнта, кіраўніка апарату прэм’ер-міністра, намесьніка міністра замежных справаў, віцэ-маршалка польскага Сэйму, а таксама з чальцамі парлямэнту ад парлямэнцкай групы ў справах Беларусі.

«Прадстаўлены асноўныя патрабаваньні грамадзкасьці, якія выказваюцца падчас шматтысячных маніфэстацыяў у розных гарадах Беларусі. Абмеркаваны падыход да магчымых мэдыяцыяў з боку Эўразьвязу для знаходжаньня выйсьця з крызісу. Прадстаўнікі польскіх уладаў падкрэсьлівалі важнасьць вырашэньня сытуацыі ў інтарэсах беларускага грамадзтва на ўнутрыпалітычным полі Беларусі», — паведаміў Латушка.

Падчас сустрэчаў ён праінфармаваў польскі бок аб падыходах Каардынацыйнай рады да вырашэньня ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.

Таксама Павал Латушка сустрэўся зь віцэ-прэм’ерам, міністрам культуры Польшчы Пятром Глінскім і абмеркаваў зь ім магчымасьць гастроляў у польскіх тэатрах артыстаў тэатру Янкі Купалы, звольненых за сваю грамадзянскую пазыцыю.

Павал Латушка прыехаў у Польшчу на эканамічны форум і для сустрэчаў ў польскім урадзе, пра што стала вядома 2 верасьня. Пасьля ён плянуе наведаць Літву: у Вільні ў яго заплянаваныя сустрэчы у міністэрстве замежных справаў, а таксама ў Сэйме. Таксама Павал Латушка мерыўся сустрэцца з дэпутатамі Эўрапарлямэнту ад Польшчы і Літвы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG