Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Марачкін прэзэнтуе юбілейную выставу «Армагедон»


Аляксей Марачкін, архіўнае фота
Аляксей Марачкін, архіўнае фота

3 верасьня ў Палацы мастацтва пачынае працаваць юбілейная выстава «Армагедон» сябра творчай суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна. Яна прымеркаваная да 80-годзьдзя мастака.

Юбілейная экспазыцыя дазволіць прасачыць працэс творчага станаўленьня Аляксея Марачкіна ад студэнцкіх работ да вялікіх жывапісных палотнаў, многія зь якіх сталі клясыкай беларускага жывапісу. Сярод іх — «Вітаўт», «Мікола Гусоўскі», «Алаіза Пашкевіч», «Максім і Вераніка» ды іншыя.

Назва «Армагедон» адпавядае актыўнай грамадзянскай пазыцыі аўтара, пра якую ён пасьлядоўна заяўляе ў сваёй творчасьці. Пра гэта сьведчаць працы розных гадоў — «Сьцяна» (2001), «Плошча» (2010), «Пераможцы» (2010), «Навала» (2013), «Рыцар на ўсе часы» (2014), сэрыя карцін «Дровы» (2010–2019) ды іншыя. Менавіта такія творы, напоўненыя трывогай за лёс краіны, знаходзяць усё больш прыхільнікаў.

Пры гэтым мастака зачароўвае прыгажосьць сваёй зямлі. З замілаваньнем напісаныя краявіды яго роднай Магілёўшчыны і азёрнай Віцебшчыны, дзе ён хадзіў сьцежкамі Язэпа Драздовіча і зьбіраў яго ацалелую спадчыну. На выставе можна ўбачыць і абстрактныя працы як даніну віцебскай мастацкай школе 1920–1930 гадоў.

Упершыню будуць экспанавацца жывапісныя карціны, створаныя сёлета на пленэры ў Чарнагорыі, дзе мастаку падчас пандэміі давялося затрымацца амаль на 4 месяцы пры закрытых межах.

Сярод графічных работ варта зьвярнуць увагу на ілюстрацыі да паэмы Ўладзімера Някляева «Вавукі», над якімі Аляксей Марачкін працаваў апошнім часам. Сэрыя з 12 аркушаў — гэта развагі мастака і паэта пра каханьне і жыцьцё.

Экспазыцыю дапоўняць унікальныя аўтарскія інсталяцыі рознай тэматыкі.

Наведнікі таксама пабачаць дакумэнтальны фільм «Мара» рэжысэра Ўладзімера Арлова і кароткамэтражныя стужкі, створаныя мастаком на аснове ўласнага кінаархіву.

Выстава адкрыецца 3 верасьня а 17-й гадзіне і будзе працаваць да 17 верасьня штодня, акрамя панядзелка (11:00–19:00).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG