Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілей падчас пандэміі. Мастак Марачкін расказаў, як вымушана сьвяткуе 80-годзьдзе ў гарах Чарнагорыі


Беларускі мастак Аляксей Марачкін

Вядомы мастак Аляксей Марачкін свой 80-гадовы юбілей адзначае далёка ад сям’і. Пленэр у Чарнагорыі на няпэўны час расьцягваецца з прычыны пандэміі ўсясьветнай навалы — каранавірусу.

Беларускія пастаяльцы арт-рэзыдэнцыі

Чарнагорскі мэцэнат, гаспадар арт-рэзыдэнцыі ў адным з горных раёнаў краіны Ратка Паповіч рэгулярна ладзіць пленэры для знаных мастакоў з усяго сьвету. Гэтым разам правесьці месяц сярод першародных краявідаў выпала чатыром беларускім творцам: мастаку Аляксею Марачкіну, мастаку-рэстаўратару Тацяне Патворавай, майстру кавальскай справы Алесю Фалею, дызайнэрцы і скульптару Натальлі Піневіч.

Яны прыехалі сюды на пачатку сакавіка, гасьцінны гаспадар забясьпечыў іх жыльлём і харчаваньнем. Наўзамен пакінуць некалькі карцін ды каваных скульптур.

Аляксей Марачкін за працай
Аляксей Марачкін за працай

У Менск творцы павінны вярнуцца не пазьней за 3 красавіка. Натальля і Тацяна спадзяюцца ўкласьціся ў тэрміны — самалёты расейскіх авіякампаній акурат вывозяць апошніх суайчыньнікаў у Маскву. Беларускі кансулят у Белградзе сабраў зьвесткі пра беларусаў на Бальканах, і цяпер тыя чакаюць сыгналу, каб выехаць у аэрапорт Падгорыцы.

Каранавірус дайшоў і да Чарнагорыі

Мужчынская частка мастакоўскага дэсанту вырашыла пакуль застацца — сытуацыя ў Беларусі ім не падаецца больш бясьпечнай, чым у тутэйшых гарах. Хочацца дачакацца большай яснасьці, што насамрэч адбываецца на радзіме, кажа Свабодзе Аляксей Марачкін.

«Як вы ведаеце, Чарнагорыя заставалася апошняй краінай у Эўропе, чыстай ад гэтай навалы. Але ўрэшце дакацілася яна і сюды. Уведзены карантын, межы з суседнімі краінамі закрытыя. Сытуацыя даволі трывожная, але панікі няма. Чарнагорцы — людзі арганізаваныя і выконваюць усе рэкамэндацыі мясцовых уладаў. Ніякіх масавых збораў, перамяшчэньні толькі ў выпадку крайняй неабходнасьці. Забаўляльныя ўстановы, кавярні не працуюць, выключэньне зроблена толькі для харчовых крамаў».

Паводле юбіляра, ніякіх банкетаў у свой гонар ён не плянуе — толькі хатняе віно і сьціплыя закускі з градаў.

Добраахвотная самаізаляцыя ў гарах

Невялічкую калёнію беларусаў абараняе сама прырода — велічныя скалы, цёплае сонца і крышталёвае паветра. І хоць умовы для працы тут максымальна спрыяльныя, ідылія павінна была скончыцца. А тут выявілася, што пакінуць краіну ня так проста. «Белавія» яшчэ раней спыніла палёты ў суседнюю Сэрбію, а расейскія кампаніі адмянілі палёты ў Чарнагорыю. Толькі калі выявілася, што заблякаванымі засталіся некалькі тысяч грамадзян Расеі, былі арганізаваныя чартэрныя рэйсы. У сьпісах на адлёт значацца Натальля Піневіч і Тацяна Патворава.

«Мы з Алесем пакуль застаёмся, з уласнай волі, — кажа Аляксей Марачкін. — Тэрмін заканчваецца, але, спадзяёмся, межы ўсё ж адкрыюцца, будзе магчымасьць выехаць. Дый, шчыра кажучы, тут адчуваньне большай бясьпекі, чым дома. Лукашэнка скаланаў паветра, што беларусы не такія, як расейцы, вывезем усіх, хто блякаваны за мяжой. А на паверку аказалася, што расейцы сваіх забіраюць, а нашых нешта не відаць. Хоць беларусаў захрасла таксама нямала. Дзяўчаты зрабілі ўсе магчымыя захады, даслалі ў кансулят свае зьвесткі, але гарантыі, што возьмуць на борт, няма, пакуль у чаканьні. Атрымаецца ў іх — тады будзем нешта прадпрымаць і мы».

Карціна Аляксея Марачкіна
Карціна Аляксея Марачкіна

У Чарнагорыі зарэгістраваныя крыху больш за два дзясяткі выпадкаў заражэньня COVID-19, пад наглядам звыш 5 тысяч чалавек. 65-гадовы мужчына, у якога было хранічнае захворваньне лёгкіх, памёр некалькі дзён таму.

Паводле спадара Марачкіна, Ратка Паповіч сам раіць гасьцям застацца, каб перачакаць непрыемную сытуацыю ў самаізаляваным месцы — ягоная арт-рэзыдэнцыя натуральным чынам блякаваная высокімі гарамі і малалюдным навакольлем.

Аляксей Марачкін за працай
Аляксей Марачкін за працай

«На нашым баку і гаспадар, і ўмовы, — працягвае ён. — Плённа працуем, забясьпечаныя харчаваньнем. Райскі куточак. Некаторыя мае калегі ў віншаваньнях іранічна кпяць: маўляў, знайшлі, дзе схавацца ад вірусу. Аказалася, нікуды і не зьбяжыш, і тут ён нас дастаў. Нават калі сёньня дабрацца да Масквы, невядома, ці ўдасца адтуль без прыгодаў трапіць у Менск. А ўсё ж, не забывайцеся, я адзначаю 80-годзьдзе, не хацелася б аказацца закладнікам у нейкім аэрапорце. Зноў жа, два тыдні ізаляцыі па прыезьдзе — добра, калі не зацягнуць у якую лякарню. Яшчэ і таму было вырашана не спакушаць лёс і пабыць тут».

Беларусаў абяцаюць вывезьці з расейцамі

Натальля Піневіч, каляжанка і вучаніца Аляксея Марачкіна, сказала Свабодзе, што гэтыя дні яны з Тацянай у літаральным сэнсе на чамаданах. Аднак пакуль каманды выяжджаць у аэрапорт чарнагорскай сталіцы не паступала.

Натальля Піневіч
Натальля Піневіч

«Беларускае консульства ў Сэрбіі арганізуе вываз суайчыньнікаў з трох суседніх краін, абяцае, што заўтра-пасьлязаўтра павінен быць борт, — тлумачыць яна. — На мінулым тыдні ў Маскву з Падгорыцы ўжо вылецела сем самалётаў, вывезьлі 1500 чалавек, сярод іх сем беларусаў. Вось новая партыя, ведаю, што нашыя землякі ёсьць таксама, у вайбэры стварылі адмысловую суполку... Можа паўтаруся, тут сапраўды вельмі добра, усё спрыяе натхненьню. Але ўжо набралася клопатаў дома, трэба вяртацца. Радзіма цягне, што б там ні адбывалася. А што да Аляксея Антонавіча, то хай лепш застаецца, сапраўды атрымаецца цудоўная галерэя».

Мастакі зьбіраюцца на знак удзячнасьці пакінуць гаспадару некаторыя свае працы. Аднак большая частка потым увойдзе ў «Чарнагорскі альбом», які абавязкова будзе паказаны публіцы.

Чым вядомы Аляксей Марачкін

Адна з карцін Аляксея Марачкіна
Адна з карцін Аляксея Марачкіна

Аляксей Марачкін (творчы псэўданім Алесь Мара) нарадзіўся 30 сакавіка 1940 году ў вёсцы Папоўшчына (цяпер Новая Слабада) Чэрыкаўскага раёну на Магілёўшчыне. Скончыў Віцебскі пэдагагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Яшчэ падчас армейскай службы ў Печах пад Барысавам арганізаваў дзіцячую студыю ў Доме афіцэраў, а пасьля войска асеў у суседнім Жодзіне, некалькі гадоў адпрацаваўшы настаўнікам у школе № 4.

Карціна Аляксея Марачкіна
Карціна Аляксея Марачкіна

Выпусьціў цэлую плеяду таленавітых вучняў — Аляксандра Сабалеўскага, Мікалая Андруковіча, Мікалая Шышлова, Уладзімера Гладкевіча, Натальлю Піневіч ды іншых мастакоў. Сябра Беларускага саюзу мастакоў. У 1989 годзе адмовіўся ад званьня заслужанага мастака БССР. Аўтар цыклю працаў на актуальныя грамадзка-палітычныя тэмы, неаднаразова ягоныя крытычныя творы здымаліся з выставаў.

У розныя гады Аляксей Марачкін — сябра аргкамітэту БНФ «Адраджэньне», адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастакоўскай суполкі «Пагоня», якую цяпер узначальвае ягоны сын Ігар. Кіраваў Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», адзін з заснавальнікаў грамадзянскіх ініцыятываў «Рада беларускай інтэлігенцыі» і «Экспэрты ў абарону Курапатаў», аўтар праекту «Антыкамуністычнага маніфэсту».

Аляксей Марачкін з сынам Ігарам
Аляксей Марачкін з сынам Ігарам

У інтэрвію Свабодзе тлумачыў, чаму ягоная творчасьць мае выразны антыкамуністычны і антытаталітарны кантэкст. Двух ягоных дзядзькоў арыштавалі і забілі ў лягерах. Бацька толькі цудам пазьбегнуў аналягічнага лёсу — каб уратавацца, мусіў зьехаць на Далёкі Ўсход. А вярнуўшыся з франтоў Другой усясьветнай вайны, даў сыну наказ — трымацца ад бальшавікоў як мага далей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG