Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мае калегі маўчаць». У Жыткавічах пэдыятара з 35-гадовым стажам аштрафавалі за ланцуг салідарнасьці


Ірына Цішкоўская на судзе
Ірына Цішкоўская на судзе

У Жыткавічах 2 верасьня судзілі лекара — пэдыятра Ірыну Цішкоўскую. Яна ўдзельнічала ў «ланцугу салідарнасьці». Суд пакараў яе за гэта штрафам у памеры 135 рублёў.

Ірына Цішкоўская ўжо 35 гадоў лечыць жыткавіцкіх дзяцей у раённай паліклініцы.

23 жніўня ў Жыткавічах прайшоў «ланцуг салідарнасьці». На яго сабраліся 30–40 чалавек. «Потым міліцыя пачала вылоўліваць нас па адным і караць праз суд», — кажуць мясцовыя.

Сёньня падтрымаць Ірыну Цішкоўскую ў суд прыйшлі каля дваццаці чалавек.

Людзі прыйшлі падтрымаць Ірыну Цішкоўскую
Людзі прыйшлі падтрымаць Ірыну Цішкоўскую

Паплечнікі чакалі Ірыну ля будынку суду, а пэнсіянэрка, якая праходзіла паўзь іх, пачала абурацца і сварыцца.«Хоць бы яе з працы звольнілі! Працаваць ня хочаце, стаіце, цьфу!», — крычала пэнсіянэрка.

Людзі расказалі больш: «На нас кідаюцца часам нашы землякі, кажуць, што мы «фашысты»... Пра Ірыну Віктараўну распаўсюджваюць плёткі па горадзе, што яна плаціць грошы тым, хто выходзіў на акцыі. Гэта такі сьмех, але людзі перадаюць гэта з вуснаў у вусны. Мы адну пляткарку злавілі, але яна «пераабулася ў паветры», — кажа мясцовы жыхар Мікалай.

Справу пра ўдзел у «несанкцыянавым мітынгу» разглядаў судзьдзя Андрэй Багданік. Ён зачытаў міліцэйскі пратакол. «Цішкоўская парушыла парадак правядзеньня мітынгу — узяла ў ім удзел і выражала свой пратэст супраць дзейнай улады».

Лекарка патлумачыла, што не прызнае сябе вінаватай.

«Гуляла з сабачкам. Ішла паўз сквэр і бачыла там шмат людзей. Яны былі ўсхваляваныя. І я была ўсхваляваная падзеямі ў краіне і разумела, што не магу застацца ўбаку. Мы стаялі і эмацыйна абмяркоўвалі сытуацыю ў краіне. Мы абмяркоўвалі, што выбары былі сфальсыфікаваныя, што людзей жорстка зьбівалі. Мы ведалі маладога чалавека з Жыткавічаў, які моцна пацярпеў, і мы гэта абмяркоўвалі. Што мы можам у маленькім горадзе зьмяніць? Мы можам проста абмяркоўваць...», — патлумачыла Ірына Цішкоўская.

Сьведкам выступаў міліцыянт Канстанцін Кацэвіч. Ён патлумачыў, што 23 жніўня «нёс службу па ахове грамадзкага парадку на несанкцыянаваным мітынгу» і бачыў там Ірыну Цішкоўскую. «Яна, як і іншыя людзі, выказвалася супраць дзейнай улады, махала сьцяжком», — сказаў міліцыянт.

Участковы даў паказаньні, што 23 жніўня людзі стаялі і скандавалі «Жыве Беларусь!», «Сыходзь!» і «Лукашэнку ў аўтазак!».

Судзьдзя прызнаў Ірыну Цішкоўскую вінаватай і пакараў штрафам у 135 рублёў.

«Ці падтрымліваюць мяне калегі? Ну як сказаць... Маўчаць. Маладыя можа трохі і падтрымліваюць, а старыя — не. Ці баюся звальненьня? А каму будзе горш, калі мяне звольняць? Хто будзе лячыць дзяцей? Не, не пагражала начальства. Яны ж ведаюць маю пазыцыю», — сказала Ірына.

Чым вядомы жыткавіцкі суд

Перад выбарамі тут судзілі назіральніка Яўгена Шчура. Паводле пратаколу, ён «наўмысна, з хуліганскіх памкненьняў, ня маючы прычын наведваньня школы, ігнараваў патрабаваньні дырэктара школы пакінуць рэжымны аб’ект, сваімі дзеяньнямі парушыў грамадзкі парадак і дзейнасьць арганізацыі». Ён атрымаў штраф.

Пасьля выбараў тут судзілі мясцовага маладога чалавека, які на сваім мабільным тэлефоне слухаў «Перамен» Віктара Цоя. «Гучна ўключыў музычны твор, які зьяўляецца набыткам грамадзкасьці, які заклікае грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах... накіраваных на публічнае выказваньне пратэсту супраць дзейнай улады», — так ахарактарызаваў суд «правапарушэньне» Арсенція Чыжыка. Яго арыштавалі на 3 сутак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG