Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынатарку страйкаму БДУ і яе мужа арыштавалі на 15 сутак


«Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку, 30 жніўня

Суд гораду Янава Берасьцейскай вобласьці арыштаваў каардынатарку страйкаму БДУ выкладчыцу Святлану Воўчак і яе мужа Міхаіла на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (ч. 1 арт. 23.34 КаАП).

Як паведаміла БелаПАН сястра Міхаіла Вольга, адбываць арышт муж і жонка будуць у ізалятары часовага ўтрыманьня Іванаўскага РАУС. Частка забранай у іх пры затрыманьні тэхнікі канфіскаваная.

Мужа і жонку Воўчакаў затрымалі 28 жніўня прыблізна ў 19.30 у вёсцы Застружжа Янаўскага раёну ва ўласным доме. «Забралі ноўтбукі, тэлефоны, дрон і дакумэнты», — адзначыла Вольга.

27 жніўня Міхаіл паведаміў БелаПАН, што напярэдадні выкладчыкаў БДУ, якія падпісалі пэтыцыю з палітычнымі патрабаваньнямі да кіраўніцтва ВНУ, пачалі праз тэлефон выклікаць у пракуратуру «на размову».

Паводле слоў Воўчака, яго пакуль не турбавалі, бо ён ня лічыцца ў самім унівэрсытэце, але ягонай жонцы Сьвятлане тэлефанавалі. «Спачатку запрашалі ў дэканат, потым — у пракуратуру Маскоўскага раёну Менску», — адзначыў суразмоўца.

Ціск пачаўся таксама на сябраў страйкаму Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ). Адна зь яго каардынатарак паведаміла БелаПАН, што 26 жніўня ёй і яшчэ некалькім студэнтам архітэктурнага факультэту з дэканату паступіла інфармацыя, што на працягу найбліжэйшых дзён іх плянуюць выклікаць у КДБ «для допыту як арганізатараў страйкаму».

Каардынатар заявіла пра ціск і на выкладчыкаў — некаторыя выдаляюцца з чата, у якім абмяркоўваецца пэтыцыя да кіраўніцтва ВНУ і далейшыя дзеяньні страйкаму. Ёсьць і такія, хто быў незалежным назіральнікам або валянтэрам на прэзыдэнцкіх выбарах і вымушана пакінуў краіну.

Пратэсты студэнтаў і выкладчыкаў

19 жніўня каля галоўнага корпуса БДУ сабралася каля 300 студэнтаў і выкладчыкаў унівэрсытэту. Яны сталі ў ланцуг з плякатамі грамадзка-палітычнага зьместу. Падчас акцыі страйкам ВНУ правёў збор подпісаў пад пэтыцыяй на імя рэктара. Аўтары пэтыцыі заявілі аб парушэньні іх права на сумленныя і празрыстыя выбары, свабоду волевыяўленьня, жыцьцё і бясьпеку, абарону ад замахаў на свабоднае выказваньне сваёй пазыцыі.

У выпадку невыкананьня патрабаваньняў прадстаўнікі ўнівэрсытэту абяцалі пачаць 1 верасьня забастоўку.

Аналягічную акцыю і збор подпісаў правялі 24 жніўня прадстаўнікі БНТУ. Акрамя палітычных, яны выказалі патрабаваньні да рэктарату — гарантаваць студэнтам, выкладчыкам і работнікам ВНУ бясьпечнае навучаньне і знаходжаньне на працы/вучобе незалежна ад іх палітычных перакананьняў бяз страты заробкаў/стыпэндый і пасад, без адлічэньняў, а таксама гарантаваць абарону ў выпадку пагроз, цкаваньня і запалохваньня іх з палітычных матываў трэцімі асобамі. Аўтары пэтыцыі прасілі рэктара даць згоду на правядзеньне мірных сходаў студэнтаў на тэрыторыі БНТУ ў ненавучальны час для абмеркаваньня важных для студэнцтва пытаньняў.

Паводле інфармацыі каардынатараў страйкаму БНТУ, да пэтыцый дзьвюх ВНУ далучыліся Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя М. Танка, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт, Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG